Беларускаму легальнаму школьніцтву — сто гадоў

13 лістапада 1915 была ўтворана першая сталая беларуская школа ў Вільні. Расказвае гісторык Уладзімір Ляхоўскі.

«Наша Ніва»: Ці можна 1915 год лічыць пачаткам беларускамоўнага школьніцтва?

Уладзімір Ляхоўскі: Спробы стварыць асяродкі пачатковай беларускай адукацыі былі і раней. Узгадаем Якуба Коласа, які, дзякуючы падтрымцы абшарніка К. Гардзялкоўскага, утварыў у 1908 таемную беларускую школу ў Сеніцкім павеце Магілёўскай губерні. А таксама Цётку (Алаізу Пашкевіч), якая ў 1911 арганізоўвала ў летні час такія «лятучыя» школкі на Лідчыне і каля Нававільні. Але ўсе яны дзейнічалі кароткі час і не мелі ў грамадстве рэзанансу.

А якраз 13 лістапада 1915, дзякуючы намаганням Баляслава Пачопкі і Цёткі, была ўтворана першая сталая беларуская школа ў Вільні (на Юр’еўскай вуліцы), якая дала пачатак масаваму беларускаму школьніцтву.

Гэтая дата як у міжваеннай Заходняй Беларусі, так і ў БССР у 1920-я святкавалася як Дзень беларускага школьніцтва.

Настаўнікі і навучэнцы Мінскай беларускай школы №20 разам з удзельнікамі Беларускага хору Уладзіміра Тэраўскага (стаіць у цэнтры). Май 1918 г. Фота з уласнага архіва Уладзіміра Ляхоўскага.

«НН»: Немцы на той час ужо былі ў Вільні. Значыць, школа ўзнікла з дазволу нямецкай адміністрацыі?

УЛ: Не зусім так. Толькі ў снежні 1915 выйшаў звод школьных законаў і загад фельдмаршала Гіндэнбурга аб развіцці школьніцтва на тэрыторыі акупаванай зоны Обер Ост, дзе дазвалялася выкладаць па-польску, па-беларуску, па-літоўску і на ідыш. Але беларусы, не маючы яшчэ такога дазволу, утварылі сваю першую школу. Дарэчы, у будынку школы Таварыства па пашырэнні асветы сярод яўрэяў, эвакуяванай углыб Расіі. Ад яе заставаўся нейкі інвентар. І беларусы гэтым скарысталіся. Яўрэйскія арганізацыі Вільні выказалі прэтэнзіі. Канфлікт быў улагоджаны тым, што Іван Луцкевіч аддаў нешта з яўрэйскай старасветчыны са сваіх калекцыйных збораў прадстаўнікам яўрэйскай грамады.

У першы год школа была беларуска-польская. Бо ў ёй было шмат каталікоў. І Цётка з Пачопкам паступова пашыралі ў ёй беларускую мову. Па-беларуску выкладаліся мова і літаратура, гісторыя Беларусі, а нешта больш практычнае, пачаткі ручной працы, скажам, — па-польску. У наступныя гады ўсё было па-беларуску.

«НН»: Чаму немцы пайшлі на адкрыццё беларускіх школ?

УЛ: Яны кіраваліся ўласнымі інтарэсамі. Рэалізоўвалася геапалітычная канцэпцыя Гіндэнбурга-Людэндорфа што да акупаваных беларускіх, літоўскіх і польскіх тэрыторый. Яны прапаноўвалі стварыць часовую ваенную квазідзяржаву Обер Ост, дзе былі б свае пашпарты, свая мытня. А задача была простая: абмежаваць уплыў Расіі — у школах у той час было забаронена выкладанне на расійскай мове. Адначасова рабіліся спробы мінімізаваць уплыў Польшчы. Германскія ўлады асцерагаліся аднаўлення Рэчы Паспалітай як ужо чыста польскага праекта, куды палякі імкнуліся ўключыць і беларускія землі.

Задача беларусізаваць насельніцтва не была звязана з тым, што немцы сімпатызавалі беларускаму руху. Але інтарэсы невялікай беларускай эліты супалі з памкненнямі нямецкіх уладаў.

Такіх прыкладаў у гісторыі шмат, калі слабейшая нацыянальная супольнасць часова рабіла стаўку на нейкую трэцюю геапалітычную сілу, каб пазбегнуць дэнацыяналізацыі з боку больш моцнага суседа. Можна прывесці прыклад Фінляндыі: тая фінская эліта, якая імкнулася пазбавіцца шведскага ўплыву, у канцы ХІХ ст. зрабіла стаўку на расійскі дзяржаўны апарат. Ад Расіі яны дамагліся шырокай аўтаноміі (усеагульнага выбарчага права, свайго cейма, нацыянальнай сістэмы адукацыі). Падобнай тактыкі трымаліся і «младалатышы», каб пазбыцца нямецкага эканамічнага і культурнага засілля ў Латвіі.

У нашай гістарыяграфіі з савецкага часу сфармавалася канцэпцыя, што беларусізацыя пачалася ў 1924 годзе з ласкі бальшавікоў. Насамрэч яе адлік трэба пачынаць з 1915, і на гэта першы звярнуў увагу Вацлаў Ластоўскі. Калі паўстала беларуская школа, значна пашырыўся беларускі друк, нацыянальны тэатр і мастацтва. Зразумела, гэтыя працэсы не ахоплівалі ўсе бакі жыцця грамадства, тым не менш поспехі па беларусізацыі асветы і іншых сфер культурнага жыцця былі ўжо істотнымі і іх нельга было замоўчваць.  

Выкладчыкі і слухачы 1-х Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні. У цэнтры сядзяць: Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачопка, Антон Луцкевіч. Вільня, май 1916 г. Фота з уласнага архіва Уладзіміра Ляхоўскага.

«НН»: Ці былі ў 1915 падрыхтаваныя настаўнікі?

УЛ: Калі ўтварылася першая школа, з дзясятак настаўнікаў было. Гэта былыя гімназісты, ветэраны беларускага руху: Цётка, браты Луцкевічы, Пачопка, Ластоўскі. У снежні 1915 у Вільні ўтварыліся настаўніцкія курсы. І 20 новых «вучыцялёў» было выпушчана ўжо вясной 1916. З сярэдзіны 1916 у Свіслачы пачала дзейнічаць беларуская настаўніцкая семінарыя — на месцы былой расійскай. Да 1918 яна зрабіла некалькі выпускаў, і больш за 100 настаўнікаў пачало працаваць у беларускіх школах. Яны няблага ведалі нямецкую мову і былі здольныя працаваць на ўзроўні пачатковай адукацыі.

«НН»: Тады была створаная толькі пачатковая школа?

УЛ: Так. Хаця ў 1917—1918 ішла гаворка аб стварэнні беларускіх гімназій. І першая беларуская гімназія ў Вільні была ўтворана 1 студзеня 1919 года, калі немцаў ужо не было. Яна паўстала ў першую чаргу дзякуючы Івану Луцкевічу. Гімназія была класічнай, сфармаванай з васьмі класаў, большасць навучэнцаў складалі яўрэі, з выкладаннем большасці дысцыплін па-расійску (акрамя дысцыплін беларусазнаўства). Былі закладзеныя толькі два дадатковыя пачатковыя класы, дзе выкладанне цалкам вялося па-беларуску. З кожным годам колькасць беларускамоўных класаў павялічвалася. І з 1926 года гімназія cтала цалкам беларускамоўнай. Гэта карысны досвед беларусізацыі, які можна выкарыстаць і сёння.

«НН»: Беларускамоўная школа была вядучай у акупаванай немцамі Беларусі?

УЛ: Не. Найбольшая колькасць беларускіх школ (звыш 120) дзейнічала ў Гродзенскім, Беластоцкім, Бельскім, Сакольскім і Ваўкавыскім паветах. Чаму? «Архітэктар Обер Ост» Эрых Людэндорф імкнуўся праз беларускае школьніцтва стварыць на польска-беларускім этнаграфічным памежжы беларускамоўны кардон, каб тым самым мінімізаваць уплыў Польшчы на заходнія беларускія тэрыторыі. І там беларускамоўных школ было 21—25% ад агульнай колькасці. Пераважалі ўсё ж польскія, шмат было яўрэйскіх, на паўночным захадзе Гарадзеншчыны былі і літоўскія.

Немцы баяліся аддаць адукацыю ў рукі грамадскасці. Настаўнікаў рыхтавала Свіслацкая семінарыя, але ваенная адміністрацыя цалкам адсунула беларускіх нацыянальных дзеячаў ад кіравання ёй. Гэта была беларускамоўная адукацыя, але без патрыятычнага напаўнення, будзем так казаць. І калі пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Нямеччыне адбывалася паступовая эвакуацыя войскаў з нашых тэрыторый, гэтыя школы засталіся без фінансавання. А палякі, якія сюды прыйшлі, альбо зачынілі іх, альбо зрабілі польскімі. На сярэдзіну 1919 са 153 беларускіх школ на Гродзеншчыне заставалася каля 15. Як пазней пісаў Антон Луцкевіч, рабіць беларускую справу на штыках чужынцаў немагчыма — калі-небудзь яна разваліцца.

«НН»: Дзе бралі падручнікі?

УЛ: Нешта было выдадзена яшчэ да вайны (узгадаем чытанкі Якуба Коласа і Цёткі). Падчас нямецкай акупацыі вялікая роля ў школьным кнігавыданні належала Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні, у складзе якога спецыяльная секцыя займалася перакладам расійскіх падручнікаў і стварэннем арыгінальных беларускіх.

Вацлаў Ластоўскі ўзяў у свае рукі Беларускае выдавецкае таварыства і таксама шмат зрабіў на гэтай ніве: нямецка-беларускі слоўнік, сямімоўны перакладны слоўнік, падручнікі па літаратуры і гісторыі. Прафесар Брэслаўскага ўніверсітэта Рудольф Абіхт, які спрыяў беларусам, разам з Янкам Станкевічам выдаў невялічкі лемантар для пачатковых школ. У беларускім аддзеле бібліятэкі Акадэміі навук Літвы можна ўбачыць рукапісны беларускамоўны падручнік па сусветнай гісторыі, які стварыла Розэнберг (Ротэнберг), тутэйшая немка, пра якую мы дагэтуль нічога не ведаем. Падручнік, праўда, так і не быў выдадзены.

Самае цікавае, што яшчэ да Першай сусветнай вайны ў студэнцкіх і вучнёўскіх гуртках развівалі беларускую навуковую тэрміналогію, рабілі навуковыя даклады, даследаванні. Напрыклад, Клаўдыуш Дуж-Душэўскі яшчэ ў Пецярбургу далучыўся да гэтай справы і колькі тэрміналагічных слоўнікаў разам з Ластоўскім выдаў ужо ў ковенскай Літве ў міжваенны час. Вацлаў Іваноўскі зрабіў шмат для развіцця беларускай тэрміналогіі па хіміі. Канстанцін Гадыцкі-Цвірка і Лявонці Більдзюкевіч стаялі ля вытокаў беларускай тэрміналогіі па матэматыцы.

«НН»: Кнігі былі на кірыліцы ці лацінцы?

УЛ: Расійцы пры адступленні з Вільні звезлі ўсё друкарскае абсталяванне — кірылічнага шрыфту не было. І спачатку ўсё друкавалі лацінкай. А потым украінцы з берлінскага аддзела Саюза вызвалення Украіны дапамаглі. І з канца 1916 кнігі друкаваліся і лацінкай, і кірыліцай.

«НН»: А ў школах дзеці як пісалі?

УЛ: Кірыліцай, бо ў асноўным былі праваслаўнымі. Я паглядзеў сацыяльны склад вучняў шасці віленскіх беларускіх школ у 1916—1917 — на 90% яны былі праваслаўнымі. А выкладчыкі ў асноўным былі каталікамі альбо лютэранамі. Такі парадокс: нацыянальны рух у заходніх паветах Беларусі развіўся дзякуючы актыўнасці беларускіх каталікоў і пратэстантаў, а большасць насельніцтва была праваслаўнай.

«НН»: Што было па другі бок фронту з беларускай школай?

УЛ: У цэнтральнай і ўсходняй Беларусі праходзілі трохі іншыя працэсы. Грымнула Лютаўская рэвалюцыя, пачаўся рух за самастойнасць Беларусі. Адзін з напрамкаў тычыўся стварэння нацыянальнай школы. Усё развівалася на грамадскіх пачатках і да канца 1917 без ціску расійскай улады.

Першыя школы ў Мінску былі ўтвораны ўжо ў студзені 1918. Я падлічыў колькасць школ пад немцамі на Міншчыне, Магілёўшчыне, Віцебшчыне — не болей за 30. І абсалютная большасць з іх дзейнічала ў Мінску.

Нагадаем, што толькі 18% насельніцтва тут складалі беларусы. Горад заўсёды канцэнтраваў большую частку палітычнай і культурнай эліты, выкрышталізоўваў і інстытуалізаваў найважнейшыя працэсы ў грамадстве.

У верасні 1917 адбыліся выбары ў Мінскую гарадскую думу — першыя свабодныя выбары. У прадстаўнічы орган гарадскога самакіравання былі абраны беларусы Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч, Уладзімір Самойла. Максімум было пяцёра патэнцыйных прыхільнікаў беларушчыны. Але гэтага хапіла, каб Мінская гарадская дума прыслухалася да іх голасу і прагаласавала за тое, каб з пачатку 1918 года ў горадзе былі ўтвораныя чатыры беларускія класы. Пад канец нямецкай акупацыі мелася ўжо 10 беларускіх школ (32 класы). З прыходам палякаў у канцы 1919 функцыянавала 17 беларускіх школ, 1 гімназія, 1 прагімназія і Беларускі педагагічны інстытут. А ў 1927 годзе 70 % адукацыі ў Мінску вялося на беларускай мове.

***

Уладзімір Ляхоўскі нар. у 1964. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт факультэта міжнародных адносін БДУ. Аўтар кніг «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915—1918)», «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.)».

Гутарыў Сяргей Макарэвіч, Наша Ніва