Савет Міністраў Беларусі вызначыў парадак прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска карысных работ. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове №771 ад 15 верасня 2015 года, апублікаванай сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.
Фота БелТА
Паводле дакумента, які прыняты як выкананне дэкрэта ад 2 красавіка 2015 №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага дармаедства», вызначаецца, што прыцягненне да выканання грамадска карысных работ асоб, якія адбываюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, ажыццяўляецца на падставе заявак арганізацый, якім належаць аб'екты, уключаныя ў пералікі для адміністрацыйна арыштаваных. Заяўкі перадаюцца арганізацыямі ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў, якія маюць у структуры цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў альбо ізалятар часовага ўтрымання, не пазней як за суткі да пачатку выканання грамадска карысных работ.
Вызначаецца, што штодзённая працягласць прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска карысных работ не павінна перавышаць 8 гадзін, а тыднёвая працягласць — 40 гадзін.
Адміністрацыйна арыштаваным на працягу часу выканання грамадска карысных работ прадастаўляецца перапынак для адпачынку і харчавання працягласцю не менш за 20 хвілін і не больш за адну гадзіну. Час перапынку для адпачынку і харчавання не ўключаецца ў працягласць выканання грамадска карысных работ.
Працягласць выканання адміністрацыйна арыштаванымі грамадска карысных работ улічваецца арганізацыяй. На яе ж ўскладаецца абавязак па дастаўцы адміністрацыйна арыштаваных з месца адбыцця адміністрацыйнага арышту да месца выканання грамадска карысных работ і назад, забеспячэнні інструментамі, прыстасаваннямі, абсталяваннем і (пры неабходнасці) спецыяльнай вопраткай, абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай аховы, кантролю за выкананнем адміністрацыйна арыштаванымі працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі, якасцю выканання імі работ.
У выпадках невыканання адміністрацыйна арыштаваным устаноўленых абавязкаў па выкананні працоўнай дысцыпліны і (або) патрабаванняў бяспекі пры выкананні грамадска карысных работ, адмовы ад іх выканання, самавольнага пакідання месца выканання грамадска карысных работ арганізацыя неадкладна паведамляе аб гэтым адміністрацыі месца адбыцця адміністрацыйнага арышту.
Падставай для вызвалення адміністрацыйна арыштаванага ад выканання грамадска карысных работ з'яўляецца даведка аб часовай непрацаздольнасці.
Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.