Юры Дзіковіч: Маленькая перамога ў Пастаўскай гімназіі

Юры Дзіковіч, які ў чэрвені падзяліўся з намі сітуацыяй у Пастаўскай раённай гімназіі, расказаў нам пра працяг той гісторыі. Нагадаем, што ў канцы навучальнага года кіраўніцтва гімназіі прапанавала дзецям праз галасаванне самім выбраць профіль навучання на наступныя два гады, і вучні выбралі філалагічны профіль, які ўключаў бы ў сябе паглыбленае вывучэнне беларускай мовы і гісторыі Беларусі.

Вось што піша спадар Юрась.

Праз некаторы час пасля раней акрэсленых падзей быў у нас, так бы мовіць, выпускны. Дзеці зладзілі файны канцэрт, перад якім з уступным словам па выніках экзаменаў і далейшых планах выступіў дырэктар гімназіі спадар Каранеўскі. Між іншымі пытаннямі было ўзнята і нас цікавячае.

Нягледзячы на тое, што дзеці выказаліся наконт формы свайго навучання, усё ж апошняе слова заставалася за бацькамі. Адзначу, што ніякага ціску з боку адміністрацыі як на бацькоў, так і дзетак, як ні дзіўна, не было абсалютна! Адзінай прапановай дырэктара было ўсё ж гісторыю Беларусі замяніць ангельскай мовай. Папраўдзе кажучы, з гэтай прапановай пагадзіўся і я, бо перад гэтым у "кулуарах" большасць бацькоў менавіта так і выказвалася, а праводзіць агітацыю за гісторыю ўжо не было часу. І вось на суд бацькоў былі вынесены пытанні: руская і ангельская мовы ці беларуская і ангельская.

Здарылася маленькая, але перамога! АБСАЛЮТНАЯ большасць бацькоў прагаласавала за другі варыянт! З наступнай восені нашы дзеці паглыблена будуць вывучаць беларускую,і ангельскую мовы.

P.S. Будзем праўдзівымі, па-беларуску ў штодзённым жыцці ні мы, ні нашы дзеці амаль не размаўляем... На мясцовым дыялекце я размаўляю са сваёй маці ды з братам. Апошнім часам больш сваёй роднай трасяніцай пачаў карыстацца і ў сям’і. Мо галасаванне паўплывала? (жарт)