Юры Дзіковіч: Кропка невяртання яшчэ не пройдзена!

На фэйсбук-старонку Згуртавання “Бацькаўшчына” напісаў спадар Юры Дзіковіч. Ён расказаў, што сёлета яго старэйшы сын скончыў дзявяты клас Пастаўскай раённай гімназіі. У Паставах - невялікім гарадку - усе навучальныя ўстановы, у тым ліку і гэтая гімназія, рускамоўныя.

Напрыканцы навучальнага года кіраўніцтва гімназіі прапанавала дзецям шляхам галасавання самім выбраць профіль навучання на наступныя два гады: філалагічны, фізіка-матэматычны альбо хіміка-біялагічны. “Кожны вучань падаў класнаму кіраўніку запіску з выбраным ім профілем, - піша спадар Дзіковіч. - Калі ж у настаўніцкай адкрылі скрыначку і падлічылі галасы, то аказалася, што вучні выбралі філалагічны профіль, які ўключае у сябе паглыбленае вывучэнне БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ГІСТОРЫІ Беларусі!”

Са словаў Юрыя Дзіковіча, для кіраўніцтва такі вынік быў вельмі нечаканы. “Цяпер будзем назіраць за сітуацыяй, - піша ён. - Па беларускай мове яны яшчэ назбіраюць матэрыялаў для навучання, а вось па гісторыі Беларусі - сітуацыя вельмі далікатная. Крыніц інфармацыі дастаткова, але не ўсе яны адпавядаюць прынятым цяпер стандартам. Я свайму сыну жартам прапанаваў узяць з дому кнігу Арлова "Краіна Беларусь" і па ёй вучыцца. Прызнацца, не ўпэўнены, што гімназічныя ўлады выканаюць жаданне дзяцей, але ж і так ужо ёсць маленькая перамога, хаця б з гэтым галасаваннем. Колькі б ні душылі беларускасць у нашых дзяцей, але здарылася нават невялічкая магчымасць - усё стае на свае месцы. Кропка невяртання яшчэ не пройдзена! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”

Пакуль рана меркаваць, ці дасць праведзеная галасаванка рэальныя вынікі, аднак жа спадзяемся неўзабаве пачуць пазітыўны працяг гэтай гісторыі.