Больш за 250 заканадаўчых актаў, што тычацца культурнай сферы, – ад рашэнняў райвыканкамаў да законаў – аб'ядналі ў адзіны Кодэкс. Ужо на восеньскай сесіі яго ў першым чытанні разгледзяць дэпутаты. Распрацоўшчыкі кажуць, што дакумент не мае аналагаў у свеце, і называюць яго юрыдычнай энцыклапедыяй культуры. Змест 227 старонак абмеркавалі члены профільнай парламенцкай камісіі. – Мы амаль нічога не змянілі, а проста сістэматызавалі ў Кодэксе тыя нормы, якія ўжо існуюць, – прызнаўся міністр культуры Барыс Святлоў.
Кодэкс аб культуры падзелены на 5 раздзелаў, 28 глаў і 257 артыкулаў. Палажэнні распрацоўвалі апошнія тры гады. У базавым дакуменце прапісаны агульныя нормы. Але профільнаму міністэрству і мясцовым уладам пакінулі права ўносіць пэўныя ўдакладненні ці лакальныя пастановы адмысловымі заканадаўчымі актамі.
– У Кодэкс аб культуры ўвайшлі асноўныя палажэнні тых заканадаўчых актаў, якімі мы карыстаемся і цяпер, – сказала на паседжанні першы намеснік міністра культурыІрына Дрыга. – Мы ішлі ад практыкі і пад гэта пісалі асобныя палажэнні дакумента. Мы ўлічылі памылкі і ліквідавалі прабелы і супярэчнасці, якія зараз існуюць.
Пасля работы над памылкамі ў сённяшнім заканадаўстве ў Кодэкс дадалі норму, якая будзе больш дэталёва рэгуляваць парадак правядзення археалагічных даследаванняў. Яна накіравана супраць так званых чорных капацеляў. У Міністэрстве культуры кажуць, што з-за іх дзейнасці краіна страчвае шмат сваіх гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Пасля прыняцця дакумента праводзіць археалагічныя раскопкі без дазволу Нацыянальнай акадэміі навук забароняць. А знаходкі, у тым ліку і выпадковыя, трэба будзе абавязкова аддаць ва ўласнасць дзяржавы.
– Аўтары дакумента ўдакладнілі і значна скарацілі шэраг умоў, якія дазваляюць надаваць аб'ектам ці прадметам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, – распавёў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік.
У новым дакуменце пашырылі спіс тых, хто займаецца культурнай дзейнасцю. Сярод іншых, туды дадалі спонсараў і мецэнатаў. Аўтары дакумента разлічваюць, што гэта дапаможа прыцягнуць у гэтую галіну больш інвестыцый.
Кодэкс гарантуе і культурную падтрымку аб'яднанням беларусаў замежжа.
– Нам паступіла прапанова ад Міністэрства юстыцыі, якая тычыцца рэалізацыі Дэкрэта №3 (аб дармаедах. – TUT.BY). На іх думку, у Беларусі неабходна стварыць рэестр творчых саюзаў. Іх члены будуць прызнавацца творчымі работнікамі. Гэта з'явіцца падставай для прызнання таго, што чалавек удзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, – анансавала магчымыя змены намесніца старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская.
– Таксама плануецца стварыць камісіі, якія будуць вырашаць спрэчныя пытанні ў дачыненні да вольных мастакоў, якія не маюць дачынення да саюзаў, – дадаў міністр культуры Барыс Святлоў.
Тэкст Кодэкса аб культуры хутка павінен з'явіцца ў вольным доступе ў інтэрнеце. Да абмеркавання дакумента дэпутаты абяцаюць падключыць творчыя саюзы ды іншых зацікаўленых.