У мінскай галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна, якая выйшла ў серыі «Голас паэта».
Выдаўцы аўдыёкнігі — Саюз беларускіх пісьменнікаў, студыя «Гукапіс» кампаніі «Прастора-бай» і «Арт-сядзіба». Сабралі запісы Алесь Калоша і Валер Мазынскі.
У вечарыне ўзялі ўдзел Віктар Казько, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Зінаіда Бандарэнка, а таксама сям’я паэта. Напачатку спявачка Тацяна Грышкевіч выканала песню «Малітва» на словы Генадзя Бураўкіна. Затым узяў слова старшыня СБП Барыс Пятровіч, які сказаў, што прысутнасць у залі вялікай колькасці людзей азначае, што імя Бураўкіна вельмі шанаванае ў грамадстве.
«Вельмі крыўдна, што дзяржава самаўхілілася ад ушанавання памяці такіх асобаў, як Генадзь Бураўкін, як Рыгор Барадулін, як Васіль Быкаў. Чыноўнікі прыходзяць і сыходзяць, а імя паэта будзе заставацца навечна».
У сваім выступе Уладзімір Някляеў адзначыў, што Бураўкін прадстаўляў Беларусь у ААН, калі краіна рабіла толькі першыя крокі як самастойная дзяржава, калі трэба было заяўляць пра сябе на ўвесь свет.
«Гэту нялёгкую і пачэсную місію з годнасцю выконваў Генадзь Бураўкін», — сказаў Някляеў.
Зінаіда Бандарэнка апавяла пра часы, калі Генадзь Бураўкін узначальваў Белтэлерадыёкампанію, як ён «ператварыў саўковае тэлебачанне ў сучаснае».
Удзельнікі вечары Віктар Казько і Васіль Зуёнак прачыталі свае вершы-прысвячэньні Генадзю Бураўкіну. Літаратар Міхась Скобла сказаў, што жыццёвая пазіцыя Бураўкіна была незалежная, годная і некан'юнктурная. Таму ён не змог працаваць у цяперашняй сістэме і вельмі трапна сказаў: «Вось хамут ваш і дуга, я вам болей не слуга».
Адзін з выдаўцоў Алесь Калоша сказаў, што каштоўныя не толькі вершы, якія начытаў Генадзь Бураўкін, але і гутаркі, якія не ўвайшлі ў аўдыёкнігу. Алесь Калоша плануе выдаць гэтыя гутаркі на асобным аўдыёдыску.
Сын паэта Аляксей Бураўкін сказаў, што голас, як і фотаздымак, многа гаворыць пра яго бацьку:
«У гэтым голасе ніколі не было фальшы, хітрасці ці кан'юнктурнасьці», — адзначыў Аляксей.
На вечарыне гучалі вершы з аўдыёкнігі ў выкананні Генадзя Бураўкіна.
Раней у гэтай серыі выйшлі аўдыёкнігі Ніла Гілевіча і Уладзіміра Някляева.