Вячка Целеш прэзентаваў «Гарады Беларусі на старых паштоўках» і кнігу-радавод для сваякоў

27 траўня ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы пры арганізацыйнай падтрымцы Згуртавання "Бацькаўшчына" прайшла прэзентацыя кніг Вячкі Целеша, які адмыслова завітаў з Латвіі.

27 траўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі чарговае выданне кнігі Вячкі Целеша «Гарады Беларусі на старых паштоўках».

Кніга выйшла ў канцы 2014 года ў выдавецтве «Беларусь» накладам 1200 асобнікаў. У кнізе сабраныя і каталагаваныя некалькі сотняў старых паштовак з выявамі гарадоў Беларусі. Кніга таксама расказвае цікавыя факты, звязаныя з будынкамі на паштоўках, і ці існуюць гэтыя будынкі цяпер.

Вячка Целеш патлумачыў, што стварэнне кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках» — лагічны працяг яго кнігі «Мінск на старых паштоўках», выдадзенай у 1984 годзе. На выданне «Мінск на старых паштоўках» яго, заўзятага філакартыста, падштурхнуў Адам Мальдзіс.

На жаль, ад усяго накладу засталося літаральна некалькі экзэмпляраў — кнігу добра купляюць. Аднак яе яшчэ можна знайсці ў Беларускіх кнігарнях.

Целеш расказаў і пра свой іншы твор — кнігу-радавод «Адсюль наш род, тут мой прычал» пра род Целешаў, якія паходзяць з пасёлка Краснасельскі. Для падрыхтоўкі выдання Целеш знайшоў інфармацыю пра паўсотню сваякоў-Целешаў, якія цяпер жывуць у розных кутках свету. Кнігу нельга купіць — большую частку Вячка Целеш разаслаў сваякам.

Мастак і пісьменнік Вячка Целеш нарадзіўся ў 1938 годзе ў пасёлку Краснасельскі. Ён жыве ў Рызе, але актыўна падтрымлівае сувязь з Беларуссю. Целеш з'яўляецца старшынёю суполкі мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» і намеснікам старшыні таварыства беларускай культуры ў Латвіі «Світанак».

Кіраўнік Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і старшыня Рады Згуртавання Ніна Шыдлоўская.