Напрыканцы мая ў Мінску адбудзецца VІ Міжнародны кангрэс беларусістаў

Міжнародная асацыяцыя беларусістаў правядзе VI Міжнародны кангрэс беларусістаў 27—29 мая ў Мінску. Папярэдняя інфармацыя пра форум апублікаваная на афіцыйным сайце асацыяцыі mab.org.by.

Кангрэс, як паведамляецца, будзе першым з мерапрыемстваў, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Удзельнікі абмяркуюць шэраг даследаванняў у такіх навуках, як мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралогія, гісторыя, фалькларыстыка, этналогія, у сферы міжнародных адносін.

Міжнародная асацыяцыя беларусістаў — грамадскае навуковае і культурна-асветніцкае аб'яднанне, якое было ўтворанае ў маі 1991 года. Яе сузаснавальнікамі выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, а таксама шэраг міністэрстваў — адукацыі, культуры і замежных спраў. Арганізацыя аб'ядноўвае даследчыкаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры і асветы, перакладчыкаў, што даследуюць культурна-гістарычную спадчыну і сучаснае развіццё беларускага народа, іншых спецыялістаў.

Папярэднія кангрэсы беларусістаў праходзілі ў 1991, 1995, 2000, 2005 і 2010 гадах і былі прысвечаныя тэмам становішча Беларусі паміж Усходам і Захадам, узаемадзеяння і ўзаемаўзбагачэння культур сусветнай супольнасці, беларускай культуры ў дыялогу цывілізацый ды ў кантэксце культур еўрапейскіх краін.