Адам Мальдзіс заклікае кананізаваць Францішка Скарыну

29–30 траўня ў рамках Кангрэсу беларусістаў свету, які пройдзе ў Мінску, адбудзецца круглы стол, прысвечаны ініцыятыве кананізацыі беларускага першадрукара Францішка Скарыны.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адам Мальдзіс. Паводле ягоных слоў, на круглым стале збяруцца навукоўцы і рэлігійныя дзеячы. Па выніках круглага стала мяркуецца накіраваць прапановы кіраўнікам і каталіцкай, і праваслаўнай цэркваў аб кананізацыі беларускага першадрукара і перакладчыка Бібліі на беларускую мову.

«Мы ставім усур’ёз прэтэнзію аб кананізацыі Францішка Скарыны. Стваральнікі славянскага пісьменства Кірыла і Мяфодзій ужо даўно кананізаваныя. Мяркуем, што Францішак Скарына таксама варты гэтага».

Паводле Адама Мальдзіса, Скарына як святы мае належаць і праваслаўным, і католікам, і ўніятам, гэтаксама як Еўфрасіння Полацкая.

Адам Мальдзіс распавёў "Свабодзе", што ён нядаўна знайшоў дакумент аб прыняцці Францішкам Скарынам і ўсёй ягонай сям’ёю каталіцкага хросту ў 1499 годзе ў тагачасным полацкім касцёле Святога Францішка.

«Пры гэтым, паводле правілаў тых часоў, каталіцкі хрост не скасоўваў папярэдні праваслаўны, — перакананы Адам Мальдзіс. — І кнігі свае Францішак Скарына пісаў для ўсяго паспалітага люду, для праваслаўных і католікаў. Таму мая задума ў тым, каб да справы кананізацыі Скарыны далучыліся ўсе хрысціянскія канфесіі».

На Кангрэсе беларусістаў упершыню прагучыць гімн, прысвечаны Францішку Скарыну, паведаміў спадар Мальдзіс.

Адам Мальдзіс зазначыў, што цяпер ён намагаецца аднавіць здароўе да пачатку Кангрэсу. Нядаўна ён вярнуўся са шпіталя. У ложку правёў два месяцы, спачатку ў Польшчы, а потым у Беларусі:

"Цяпер вучуся нанова хадзіць, па 50–100 метраў у дзень. І працую з ноўтбукам над тэкстамі. У прыватнасці, пішу ўспаміны пра нядаўна памерлага айца Аляксандра Надсана",— распавёў Адам Мальдзіс.