Чарнобыльская катастрофа ў памяці жыхароў Беларусі
З нагоды 30-годдзя аварыі праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі» праводзіць конкурс для студэнтаў.
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС – найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі Беларусі. Катастрофа і яе наступствы пераходзяць ў сферу палітыкі памяці. Конкурс для студэнтаў «Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі» праводзіцца з мэтай прыцягнення увагі да надзённых праблем і захавання памяці пра тое, як аварыя змяніла жыццё некалькіх пакаленняў.
14 красавіка ў Мінску пройдзе сустрэча з прадстаўнікамі Беларускага архіва вуснай гісторыі, на якой можна будзе падрабязней даведацца пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе і задаць пытанні.
Падчас сустрэчы таксама адбудзецца прэзентацыя зборніка «Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі» (Мінск, 2015), аўтары якога прапануюць новы погляд на 75-годдзе ўз’яднання Беларусі. Гэты зборнік з’яўляецца адным з вынікаў вывучэння Беларускім архівам вуснай гісторыі памяці сведак тых гістарычных падзеяў.
Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB, пр-т Газеты «Праўда», 11). Пачатак у 19:00. Уваход вольны.