Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, якога і ў 86 год не пакідае пачуццё гумару і вастрыня думкі, у інтэрв’ю «Салідарнасці» прыгадаў норавы пасляваеннай Масквы, параду Лукашэнкі «бросить валять дурака» і іншыя яскравыя падзеі са свайго жыцця.
Фота часопіса «Большой»
– На прэзідэнцкіх выбарах-1994 вы былі даверанай асобай Зянона Пазьняка. З вышыні сённяшняга дня бачыце пралікі ў той кампаніі?
– На жаль, памылкі былі, і нават дробязныя з іх ўплывалі на электарат. Напярэдадні выбараў Зянон надрукаваў артыкул «О русском империализме и его опасности», дзе крытыкаваў рускіх за шавінізм. Прынцыпова ён быў правы і зараз мы гэта бачым. Але... Зянон занадта прамалінейным і праўдзівым быў, і ворагі гэта скарыстоўвалі, каб увесці выбаршчыкаў у зман. Канешне такога не было, што рускія сядзелі на чамаданах. Гэта глупства. Гэтага ні Зянон, ніхто іншы не казаў. Але з таго артыкулу многія зрабілі падобныя высновы.
У палітыцы трэба быць больш гібкім. Ну не так, канешне, як раней, калі ты хістаўся разам з лініяй партыі (смяецца – С.). Ну і атачэнне Зянона недаацэньвала Лукашэнку, яго мімікрыю, падтрымку не толькі «маладых ваўкоў», але і Масквы.
– Якое ўражанне на вас рабіў Лукашэнка?
– Сустракаўся з ім у апошні год свайго віцэ-прэзідэнцтва ў Акадэміі навук, які скончыўся ў 1995-м. У той час я быў у добрых адносінах з Філарэтам. Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ініцыіравала ўзнаўленне крыжа Ефрасінні Полацкай. Фінансаванне ішло праз нас, грошы галоўным чынам даваў Селівончык, багаты беларус з Цюмені. Аднак мы вырашылі, што без рэлігійнага кіраўніка не абысціся, звярнуліся да Філарэта. А пазней, як гэта часта бывае, уся заслуга ў гэтай справе перайшла царкве...
Дык вось на розныя рэлігійныя святы ў царкву запрашалі тагачаснае кіраўніцтва дзяржавы. Усе раптам сталі веруючымі, пачалі хрысціцца, рукі цалаваць Філарэту.
Лукашэнка як прэзідэнт выступаў на гэтых службах адразу пасля яго з рознымі праблемамі. Пасля царквы групай ішлі ў Епархію, дзе ўжо быў накрыты стол. І Шушкевіч туды хадзіў, адзін час нават Зянон. Аднойчы я падышоў да Лукашэнкі і прапанаваў: пашліце мяне ў Сібір ці Казахстан, дзе мой сябар працуе міністрам геалогіі, я дамоўлюся, каб нам далі ў канцэсію, прадалі некалькі нафтавых і газавых радовішчаў. Чаму ўсякія там алігархі пазней сталі багатымі? Яны скупілі радовішчы. У той час іх танна можна было набыць. Прапаноўваў гэта і Шушкевічу, ён адказваў «так-так», запісваў, але справы палітыкі не пакідалі часу для эканомікі.
Лукашэнка адказаў так: «Брось дурака валять. (Ён жа з усімі на «ты» быў). Мы с россиянами один народ, они нас никогда не кинут. Позвоним, и они нам нефти сколько хочешь нальют». А цяпер ён у гэтым сэнсе поўнасцю залежыць ад Масквы і нават быў вымушаны ў Венесуэлу за нафтай ездзіць.
Каталонія, 1998 год
– У 2003 годзе у выніку збіцця вы атрымалі чэрапна-мазгавую траўму і пералом носа. Да гэтага часу не ведаеце хто гэта быў?
– Ды людзі ўсё бачылі. Бачылі, як да майго дому пад’ехала іншамарка, як адтуль выйшлі хлопцы, як каля 19.30 падышлі ціха да мяне ззаду, калі я вяртаўся з паседжання камітэту па святкаваньні 85-х угодкаў БНР, і ўдарылі чымсці па галаве. Я страціў прытомнасць. Крыві вылілася столькі, што пляма на тратуары заставалася цэлы тыдзень, нягледзячы на дождж. Пасля па кватэрах хадзіў чалавек з міліцыі, які ўнушаў суседзям, што гэта бомж на мяне напаў, хацелі павесіць на нейкага небараку. Лукашэнка выступіў: да чаго дайшлі, ужо на акадэмікаў бамжы сталі нападаць. Калі мяне выклікаў следчы, я сказаў: яшчэ ніколі не бачыў бамжоў, якія ездзяць на іншамарцы.
– Дык вы лічыце, што гэта была замова? За што?
– Дык я ж не першы быў! Я якраз быў апошні. За папярэднія два гады стукнулі Адама Мальдзіса, Валерыя Мазынскага, Аляксея Караля і іншых так званых «апазіцыянераў», пакуль не дабраліся да мяне. Усё адбывалася аднолькава: удар па галаве ля пад’езда. Мальдзіс пасля смяяўся: во, і вы ў нашу кампанію недабіткаў трапілі. Гэта было запужванне. Каб не высоўваліся, не лезлі ў апазіцыю.
– Якім было дзяцінства ў сына Гаўрылы Гарэцкага, «ворага народа» і славутага геолага, і пляменніка Максіма Гарэцкага, пісьменніка, растралянага ў 1938-м?
– Бацька заняўся геалогіяй на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала, куды быў сасланы ў 1931 годзе. Працаваў так добра, што тэрмін яму значна скарацілі і вызвалілі ўжо ў 1934-м. Вярнуцца ў Беларусь яму не дазволілі, таму забраў усю нашу сям’ю на поўнач Расіі, у Кольскую затоку. Пасля бацьку арыштуюць яшчэ два разы, але выпусцяць праз 1 год.
Жылі ў былой канюшні, дзе на нашу сям’ю выдзелілі два пакоі-стойлы. У адным начавалі бацькі і старэйшы брат, у другім – дзядуля і бабуля па матчынай лініі і я. Бацька ўвесь час быў ці ў камандыроўках, ці за кратамі. Маці працавала настаўніцай з раніцы да 10-11 вечара. Дзед і баба былі слабыя. Таму мы, дзеці, раслі амаль беспрытульнікамі. Сярод зняволеных было больш «урак», чым «палітычных», таму ад першых я ў шэсць гадоў навучыўся паліць акуркі і брыдкасловіць.
Памятаю, як аднойчы разгуляўся з кампаніяй да пазна, прыходзілі дзед і маці – не пагадзіўся ісці дадому. Прыйшоў бацька – я яго абклаў матам. А ён увесь дзень засмучаны хадзіў, бо была гадавіна са смерці яго маці, на пахаванне якой у Беларусь яго не адпусцілі. Бацька разлаваўся, узяў мяне пад мышку, першы і апошні раз у жыцці адлупцаваў. Я так на яго пакрыўдзіўся, што напісаў бацьку першы ліст. Тэкст быў кароткі: «Тата – чорт і халера». Раніцою бацька прачытаў гэтую пісульку, узяў мяне на калені, абняў і растлумачыў, чаму лаяцца матам не трэба. З таго часу я не брыдкасловіў.
Сям’я Гарэцкіх: у цэнтры бацькі Ларыса і Гаўрыла, злева сын Радзім, справа – сын Усяслаў. Горад Ялабуга Татарскай АССР, 1954 год
– У юнацтве вы трапілі ў Маскву...
– Напрыканцы вайны мы жылі на Волзе ў пасёлку Чкалаўск. Бацька дабіўся з міністрэства адукацыі спецыяльнага дазвола на маю вучобу ў Маскве (у час вайны дзеля пераезду ў другі горад патрэбен быў такі дазвол). Па-першае, я хацеў стаць, як тата, геолагам. А, па-другое, у Маскве я мог разлічваць на хлебную картачку аж на 350 грам.
Прыехаў паступаць у тэхнікум, а аказалася, што там няма інтэрната. Пайшоў прасіцца ў інтэрнат да брата, якога з-за хваробы не ўзялі на фронт і які працаваў на заводзе імя Сталіна. У маленькім пакоі ў падвале стаялі тры жалезныя ложкі. На адным з іх спалі мы з братам, на другім здаровы рыжы рабочы, на трэцім – інжынер. Гэта быў галодны час і самым цяжкім днём для нас была нядзеля.
Позна ўвечары да інжынера прыходзіла дачка, якую ён частаваў кавалачкам каўбасы. А каўбаса тады была цудам. Звычайна акрамя хлеба мы елі супчык з дохлай капусты ці кашку, а калі вельмі шанцавала – кавалачак бульбачкі. Усё гэта запівалі гарбатай. І вось уявіце: мы ўжо спрабуем заснуць, а інжынер з дачкой пачынаюць чаўкаць і пах ежы разлятаецца па пакоі. А рыжы рабочы прыводзіць такую ж здаровую як ён дзеўку, і ўсю ноч пад вухам скрыпіць суседні ложак.
У гэтым інтэрнаце яшчэ ўвесь час прырывала каналізацыю. І каб трапіць у прыбіральню і памыць фізіяномію, прыходзілася скокаць па драўлянай насцілцы. Вось такім быў мой 1945 год у Маскве.
Самы радасны момант таго часу – калі вайна скончылася. Увесь горад высыпаў на вуліцы, мы з братам гулялі ўсю ноч. То людзі змрочнымі былі, то сталі радаснымі, цалавалі адзін аднаго, падкідалі сустракаемых вайскоўцаў на руках.
Фільмы тады здымаліся вельмі добрыя, яны нам падабаліся, але ўсе яны былі хлуслівымі. Усё было значна горш і бядней, нават у той жа Маскве. Нас атачалі міліцыянеры і сексоты («секретные сотрудники»), якія за ўсімі сачылі. Неяк нёс панчохі ў пральню, штук дзесяць іх нямытых скапілася, дык па дарозе спыніў міліцыянер і калі гэта пабачыў, западозрыў мяне ў спекуляцыі. Ледзь адкруціўся ад яго.
Памір, 1962 год
Нейкі час я жыў недалёка ад Арбата. Іду аднойчы, а насусрэч мне п’яны салдат. Ідзе і крычыць: «Бей жидов, спасай Россию!». Побач праходзіць маёр і замест таго, каб затрымаць яго, пачынае салдата ўгаворваць замаўчаць. Такія вось антысеміцкія настроі былі ў час пасляваенных сталінскіх гучных працэсаў, асабліва «дела врачей – вредителей».
Ці вось яшчэ гісторыя. Як я быў студэнтам, купілі мне фотаапарат. І мы з сябрам пайшлі на вуліцу фатаграваць, хоць і ведалі, што шмат аб’ектаў з гэтай нагоды забаронены. Падыйшлі да маста насупраць Крамля (яго здымкі ужо на савецкіх грошах былі), толькі я дастаў фотаапарат – рука збоку мяне цап. Сексот вырас як з-пад зямлі. Іх лёгка пазнаць было: ім выдавалі боты і модныя на той час галошы. Пацягнулі нас з сябрам у камендатуру Крамля, доўга правяралі, але праз некалькі гадзін выпусцілі.
Мугаджары (Казахстан), 1971 год
– У Маскве вы рабілі паспяховую кар’еру геолага. Чаму ў 1971-м у Беларусь перабраліся?
– Бацька заўсёды марыў жыць і працаваць у Беларусі, і мяне з сабою клікаў. Яго поўнасцю рэабілітавалі ў 1958-м, але на Радзіму дазволілі вярнуцца толькі ў 1968-м. Я паехаў за ім. Да таго ж Мікалай Аляксандравіч Барысевіч, прэзідэнт Акадэміі навук БССР, збіраў кадры вядомых вучоных (асабліва беларусаў) па ўсім Саюзе. Як прыехаў у Мінск, мне далі кватэру. У 1972-м выбралі ў член-карэспандэнты, у 1977-м – у акадэмікі, у той жа год Барысевіч прапанаваў мне стаць дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі, які я затым узначальваў 16 год.
Даклад дырэктара Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР на Вучоным савеце на тэму «Тэктоніка Беларусі», 1983 год
На XXVII сессіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, Парыж, 1983 год
Пазней сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Кузьмін выклікаў да сябе і прапанаваў стаць рэктарам БДУ. Я адмовіўся. Хоць 16 гадоў дырэктарам Інстытута прапрацаваў, а пасля пяць гадоў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, але заўсёды перш за ўсё хацеў займацца навукай. Зараз нават шкадую, што столькі часу згубіў на адміністрацыйную працу. А многія людзі здзівіліся. Першы раз пальцам ля скроні круцілі, калі я з Масквы, у якую ўсе імкнуліся, сюды прыехаў, а другі раз – калі ад рэктарства ў БДУ адмовіўся.
– Аднак у 1993-м на першым з’ездзе беларусаў свету вас абралі прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». На пасадзе ЗБС «Бацькаўшчына» вы змянілі Васіля Быкава, якога ўгаварылі ўзначаліць арганізацыю ў першыя тры гады яе існавання. Чым ён вам запомніўся?
– На мяне падала цень дзядзькі Максіма Гарэцкага, таму пісьменнікі заўсёды прыязна ставіліся да мяне. Але з Васілём Быкавым мы пасябравалі толькі ў 1996-м, пасля таго, як разам ездзілі ў Прагу на канферэнцыю, прысвечаную Францыску Скарыне.
Мяне ўразіла яго мужнасць і прастата. У Быкава была жудасная астма, ён задыхаўся і ўвесь час насіў з сабою пырскалку. Калі б забыўся яе – мог і памерці. Аднак ён ніколі не жаліўся.
Быкаў наконт беларусізацыі нашай краіны быў песімістам – лічыў, што мова ўжо не стане ў народа ўсеабдымнай. Не быў гаваркім. Некаторыя гавораць і гавораць, як я зараз з вамі (смяецца – С.). Мяне здзіўляла, што ён не любіў, калі па радыё гучала музыка, і прасіў выключыць, каб не перашкаджала думаць.
– Радзім Гаўрылавіч, чым вы сёння жывяце?
– Я зараз апынуўся ля разбітага карыта. Інстытут геахіміі і геафізікі, дзе правацала больш за 350 чалавек, у тым ліку да 17-20 дактароў навук, 70 кандыдатаў, і які быў вядомы далёка за межамі краіны, ліквідавалі. На пасаду кіраўніка Акадэміі навук прызначылі Мясніковіча, які пачаў інтэнсіўнае рэфармаванне, у выніку ўсё, што мы стварылі, рухнула.
Але я працягваю займацца навукай, выконваю розныя навуковыя праекты, пішу навуковыя артыкулы, манаграфіі. Апрача таго пішу пра жыццё і творчасць майго дзядзькі Максіма Гарэцкага і бацькі – Гаўрылы, а таксама некаторых іншых пісьменнікаў і вучоных. Удзельнічаю у навуковых канферэнцыях, якія прысвечаны памяці Гаўрылы Гарэцкага (у гэтым годзе будзе ўжо XXVI); у так званых «Гарэцкіх чытаннях», якія прысвечаны жыццю і творчасці братоў Гарэцкіх (рыхтуем ХХІІІ чытанні), а потым выдаем іх матэрыялы.
Усё гэта робіцца ў рамках «Рэспубліканскага фонда імя братоў Гарэцкіх», старшынёй якога я з’яўляюся. Таксама актыўна ўдзельнічаю ў шэрагу беларускіх суполак (ЗБС «Бацькаўшчына», Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, Рада інтэлігенцыі), прэзентацыях, імпрэзах і г.д. Нягледзячы на ўжо салідны ўзрост (86 гадоў), добры «букет» розных хвароб, шматгранная праца не пакідае вольнага часу, не дазваляе сумаваць і губляць цікавасць да жыцця.
Руслан Гарбачоў, "Салідарнасць"