ТБМ арганізавала канферэнцыю пра моўныя правы

Моўныя правы і іх абарону абмеркавалі ў Мінску ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Яна былы арганізавана Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Па словах кіраўніка гэтай арганізацыі Алега Трусава, праблема моўных правоў абмяркоўвалася на прыкладах не толькі Беларусі, але і суседніх краінаў. Таму на мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты не толькі з Беларусі.
-  Гэтыя спецыялісты маюць дачыненне да беларускай мовы. З Украіны, з Расіі, з Польшчы ёсць прадстаўнік і з Літвы. Плюс многія даслалі свае тэксты, таму што не ўсе маглі прыехаць. Нашая мэта – выдаць зборнік гэтых матэрыялаў. У зборніку будзе больш тэкстаў. Улады былі запрошаныя – з розных міністэрстваў і ведамстваў. Ад іх ніякіх адказаў мы не атрымалі. Але і няма ніякага, слава богу, пярэчання. Так што, улады – самі па сабе, мы – самі па сабе. Удзельнікі канферэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначылі, што ў некаторых краінах неад’емнае права на карыстанне роднай мовай парушаецца і ігнаруецца. Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі падтрымалі намаганні сусветнай супольнасці, выкладзеныя ў Канвенцыі ЮНЕСКА і накіраваныя на ахову і заахвочванне разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, у тым ліку і моў.
* * *
На канферэнцыі выступіла ўдзельніца з Беластоку, прадстаўніца арганізацыі Аб’яднанне бацькоў (АБ – БА) Барбара Пякарская.
Яна падрабязна распавяла пра тое, як намаганнямі жыхароў гораду захоўваецца беларускамоўнае асяроддзе.
- У такім вялікімі горадзе, ваяводскім, не зацікаўлены, каб пашыраць беларускасць. Зацікаўлены былі мы, бацькі, і таму ад 20-ці гадоў працуем у гэтым кірунку. Найперш, ствараючы ўмовы для навучання ў садку, потым у пачатковых школах і ліцэі. І за гэтыя 20 гадоў мы як грамадская арганізацыя, якая абапіраецца на працу толькі выключна бацькоў і настаўнікаў, зрабілі вельмі многа. 20 гадоў таму ў Беластоку беларускай мове амаль ніхто не вучыўся. І за гэты час колькасць тых, хто вывучае беларускую мову ад нуля ўзрасла да 300 вучняў. Хаця агульныя тэндэнцыі і кепскія. Малыя мовы пад моцным ціскам моў вялікіх. Англійская, нямецкая, французская могуць спатрэбіцца паўсюль. А беларуская? Нават у Беларусі цяжка пагаварыць на роднай мове, не кажучы ўжо пра тое, каб вучыцца на ёй. Але здавацца нельга. І паспяховы прыклад Беластоку якраз пераконвае ў гэтым, – кажа Барбара Пякарская.
* * *
Развіццё і абарона беларускай мовы знаходзіцца цяпер амаль цалкам у руках грамадзянскай супольнасці, лічыць беларускі публіцыст Алесь Чайчыц, які жыве ў Маскве. Выступаючы на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Моўныя правы і іх абарона”, ён падкрэсліў, што дзяржава ставіцца абыякава да абароны беларускай мовы. На яе трэба ўвесь час уздзейнічаць, каб дабіцца нейкіх пазітыўных зрухаў у абароне мовы:
- Становішча вельмі дрэннае. Беларуская мова дэ-факта не з’яўляецца дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь. Не можа ісці размова ні пра якое раўнапраўе беларускай мовы і рускай мовы, ні пра які паўнавартасны рабочы статус мовы ў Рэспубліцы Беларусь. І гэта вельмі дрэнна. Гэта парушэнне моўных правоў, гэта вялікая шкода беларускай мове як элементу культурнай спадчыны беларусаў усіх, незалежна ад месца іхняга пражывання. У такой сітуацыі грамадзянская супольнасць Беларусі, як унутры краіны так і за яе межамі, павінна ўзмацніць сваю дзейнасць па абароне мовы. І дзейнічаць актыўна, сучасна, крэатыўна. Сам лад мыслення і дзеянняў беларускіх грамадскіх дзеячоў павінен змяніцца, быць максімальна несавецкім, максімальна прагрэсіўныў. Трэба гэтаму выучыцца і рэалізоўваць гэта ў жыцці, – сказаў Алесь Чайчыц.
Генадзь Барбарыч, "Беларускае Радыё Рацыя" 
Фота аўтара