Раз на год у інтэрнэт-прасторы хто-небудзь ладзіць пахаванне беларускай музыкі – маўляў, няма таго, што раньш было, засталіся толькі другасныя фігуры, а былыя першыя асобы стапталіся.
Ізноў жа раз на год сайт Experty.by выдае ўзнагароды за найлепшыя беларускія рэлізы – і робіцца зразумела, што стан беларускай музыкі калі штогод не паляпшаецца, то застаецца стабільна добрым.
“Будзьма” наведала прэмію і зрабіла некалькі высноваў пасля пачутага і ўбачанага.
1. Складаная музыка. Яна не толькі існуе ў Беларусі, але развіваецца і набывае папулярнасць не толькі сярод музычных крытыкаў, але і сярод шараговага слухача. Прыклады – абсалютныя трыумфатары прэміі Port Mone і Tonqixod. Па чатыры ўзнагароды ў кожных (асабліва прыз народных экспертаў у Port Mone) гэта даказваюць.
2. Tonqixod увогуле паступова ператвараюцца ў “наша ўсё” – хто б яшчэ год таму мог падумаць, што спецыфічная музыка Уладзя Лянкевіча і сяброў, якую быццам вырвала аднекуль з кантэксту позніх 60-х і прынесла ў наш час і нашу краіну, атрымае адразу чатыры ўзнагароды: адначасова найлепшы рок-альбом, найлепшы дэбют і найлепшы альбом на беларускай мове.
3. Апошняя намінацыя, дарэчы, пакуль існуе, што, як трапна заўважыла адзін з экспертаў, галоўны рэдактар партала Tuzin.fm і какрдынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская, выглядае трохі дзіўна: у Беларусі асобна можна ўганараваць за беларускую мову. Тым не менш кампанія працягвае рэкламную інфападтрымку канцэрта пераможцаў у гэтай намінацыі. Сёлета гэта Tonqixod.
4. Запісваць музыку ў лесе карысна. Вось аўтары альбома года, гурт Port Mone, так зрабілі, і на запісе стварылася атмасфера, недасяжная ў студыі. Той выпадак, калі сказаць “Альбом гучыць ідэальна” не будзе перабольшваннем. Дарэчы, аўтары найлепшага фолк-альбома, гурт Vuraj, знялі ў лесе свой дэбютны кліп, і таксама спрацавала. Калі вы музыка – задумайцеся.
5. Беларуская поп-музыка другі год як выйшла з каматозу – мінулагодні трыумфатар Макс Корж нават не трапіў у тройку прэтэндэнтаў на найлепшы поп-альбом. А перамог гурт IOWA, які, як вынікае з назвы альбома, працуе на Export. Дарэчы, паспяхова.
6. З музыкай, якая не класіфікуецца як “рок”, “поп” і “фолк”, у нас таксама поўны парадак: найлепшы індзі-поп/электронны альбом перамагае праект Mustelide, а замежныя эксперты працягваюць любіць электроншчыка (((О))), што таксама, дарэчы, заслужана.
7. Вышыванкі. І нават тут яны – гэтым разам як падарунак ад “Атлант Тэлекам” усім намінантам. А вось Port Mone атрымае яшчэ і рэкламна-інфармацыйную падтрымку свайго сольнага канцэрта. Прыемны бонус да вышыванкі, пагадзіцеся.
З поўным спісам намінантаў, дзясяткамі ад усіх журы і адзнакамі можна азнаёміцца тут.
Юрась Ускоў
фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»