Паштоўка як частка беларускай ідэнтычнасці

У Мінску працягваецца фестываль беларускай паштоўкі Post Scriptum. «Будзьма» паразмаўляла з куратарам фэсту Ягорам Сурскім пра адметнасць беларускіх паштовак і магчымасць вяртання гэтага сродку камунікацыі, які паступова вяртае былую папулярнасць.

— Якія мэты вы ставілі пры стварэнні фэсту?

— Такая глабальная мэта — трохі адрадзіць гэты жанр, бо ён знікае, пасля з’яўлення інтэрнэту павіншаваць каго-небудзь паштоўкай не вельмі актуальна. З іншага боку, цікавасць ёсць: яна праявілася ў з’яве самаробнай паштоўкі. Мы прыцягнулі да выставы вядомых людзей,  якія ў жыцці працуюць як плакатысты ці мастакі,  а тут яны працуюць у жанры паштоўкі. Наш фэст прымеркаваны да 14 лютага і 8 сакавіка: на выставе развіццё сюжэту віншавання з гэтымі святамі лёгка праглядаецца: за болей чым сто гадоў сюжэты неаднаразова змяняліся.  Па-другое, нашае мерапрыемства — фэст, мы вырашылі трошачкі разнастаіць праграму: праводзіць майстар-класы, паказаць, што паштоўку можна стварыць уласнымі рукамі.

— Ад якога часу можна адлічваць гісторыю беларускай паштоўкі?

— Як адзначае спадар Сяргей Харэўскі, з канца ХІХ стагоддзя на паштоўках з’яўляюцца беларускія сюжэты: помнікі архітэктуры, этнаграфічныя сюжэты. Новы віток — з’яўленне беларускай дзяржаўнасці, да стварэння БНР была прымеркаваная спецыяльная паштоўка. Рэч у тым, што ў тыя часы паштоўка выконвала яшчэ і інфармацыйную функцыю, таму абвяшчэнне БНР стала нагодай для стварэння новай паштоўкі. Адсюль і можна адлічваць гісторыю нацыянальнай паштоўкі.

Паштоўка БНР

— Вы кажаце, што на выставе можна адсачыць гісторыю стаўлення да святаў. Што вы маеце на ўвазе?

— Дзень св. Валянціна — традыцыя позняя, раней на месцы такой паштоўкі былі іншыя сімвалы: віншаванні з народзінамі, Днём анёла. Тут цікава назіраць трансфармацыю ад больш інтымных сюжэтаў ХІХ стагоддзя да апошняга часу, вазьміце, напрыклад, гумарыстычныя распрацоўкі Уладзіміра Цэслера. Што да 8 сакавіка, то вось ёсць віншавальныя паштоўкі часоў Другой сусветнай вайны, там няма рамантыкі і ідыліі, зусім іншыя аспекты. Пасляваенныя сюжэты — гэта хутчэй жанчына-касманаўт, жанчына-лётчык, зусім іншае стаўленне. Праз паштоўкі можна адсачыць сацыяльна-палітычную гісторыю краіны.

Аўтарская паштоўка Міхала Анемпадыстава

— А пра самы незвычайны экспанат раскажаце?

— Разнастайнасць надзвычай вялікая. Для мяне самога гэта паштоўка Арлена Кашкурэвіча з асобнай серыі. Рэч у тым, што мастак 40 гадоў распрацоўваў серыю з Арлекінам, падбіраў да кожнай паштоўкі лацінскія выслоўі і рабіў іх літаграфічным спосабам. Наклад невялікі: гэтыя паштоўкі мастак рассылаў толькі блізкім людзям. І тое, што серыя стваралася 40 гадоў, робіць яе ўнікальнай і нават легендарнай для Беларусі: цікава было б знайсці ўсе паштоўкі серыі і стварыць асобную выставу.

— Цікавасць да паштоўкі патроху аднаўляецца: што гэта? Невялічкае рэтраградства ці тэндэнцыя?

— Ад самага пачатку як з’явіліся паштоўкі (а гэта канец ХІХ стагоддзя), да іх ставіліся скептычна: маўляў, адкрыты ліст, губляецца інтымнасць, асабістасць, кожны супрацоўнік пошты можа яго прачытаць. Аднак карэспандэнцыя такога кшталту зрабілася папулярнай неймаверна хутка. Канечне, цяпер зручней адправіць віншаванне смс-паведамленнем ці знайсці электронную паштоўку. Аднак шмат хто абірае стары спосаб — звычайную паштоўку, бо ёсць у гэтым свая унікальнасць: почырк, прадметнасць — тое, што сучасныя тэхналогіі перадаць не ў стане. У Японіі, дарэчы, вельмі папулярныя самаробныя паштоўкі, якія людзі дасылаюць адно аднаму. Урэшце, беларуская паштоўка — яшчэ адзін спосаб падкрэсліць сваю нацыянальную адметнасць.

Мікалай Левертаў

Засталося некалькі дзён да завяршэння галасавання на найлепшую паштоўку ў межах фестывалю аўтарскай паштоўкі “Post Scriptum”. Падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца 7 сакавіка а 17 гадзіне ў Музеі гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4). Кожны наведвальнік выставы атрымлівае бюлетэнь для галасавання і абірае паштоўку.

Конкурсныя паштоўкі