Мікола Нікалаеў выдаў кнігу пра навагрудскі цудадзейны абраз Маці Божай

25 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах круглага стала «Старажытнасці Навагрудчыны» адбылася прэзентацыя выдання «Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі ХVII стагоддзя» беларускага гісторыка і грамадскага дзеяча Міколы Нікалаева. 

Гэтае выданне змяшчае публікацыю арыгінала і пераклад на сучасную беларускую мову выдання 1673 г. і прысвечанае гісторыі і апісанню цудаў Навагрудскай іконы Багародзіцы. Аўтар змясціў у кнізе кароткі гістарычны нарыс Наваградка ў час атрымання гэтага абраза, а таксама мясцовай рэзідэнцыі ордэна езуітаў. 

Вядома пра чатыры экземпляры кнігі-арыгінала 1673 года. Адзін знаходзіцца ў Кракаве, другі — у Варшаве, трэці — у Вільні, а чацвёрты, якім і карыстаўся аўтар пры падрыхтоўцы выдання, — у Пецярбургу, у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы.
Як адзначыў аўтар у прадмове да кнігі: «Я спяшаюся надрукаваць тэкст вельмі рэдкай кнігі пра гэты абраз і сабраныя звесткі пра гісторыю навагрудскіх езуітаў, якія ім валодалі, каб далучыць да абмеркавання гістарычнай спадчыны землякоў і сяброў».

Гаворачы пра ідэю выхаду кнігі, гісторык дадаў, што зусім нядаўна НАН РБ падрыхтавала выданне «Гісторыя Навагрудка — з глыбінь стагоддзяў да нашых дзён» (Мінск, 2014), у якой абмінула тэму цудадзейных абразоў, якіх у гісторыі зямлі Адама Міцкевіча было тры. Вырашыўшы запоўніць гэтую «белую пляму», аўтар і падрыхтаваў сваё выданне. Зацікаўленасць Міколы Нікалаева, які зусім нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей, Навагрудчынай невыпадковая. Ён вучыўся ў навагрудскай СШ № 4, дзе пад уплывам свайго настаўніка гісторыі — Пятра Мазуры, ён пачаў захапляцца вывучэннем гісторыі. У 1967 годзе вучнем удзельнічаў у навагрудскай археалагічнай экспедыцыі, пасля якой і вырашыў стаць студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Сёння Мікола Нікалаеў жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу, займаючы пасаду загадчыка аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. З'яўляецца аўтарам шматлікіх манаграфій па беларускай кніжнай культуры: «Палата кнігапісная» (Мінск, 1993), «Беларускі Пецярбург» (Санкт-Пецярбург, 2009), «Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага» (Мінск, 2009) і іншых. Таксама навуковец з'яўляецца адным з заснавальнікаў і членам прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Апрача прэзентацыі кнігі ў Мінску, 27 лютага Мікола Нікалаеў наведаў і Навагрудак, дзе прэзентаваў сваё выданне мясцовай інтэлегенцыі. Зацікаўленыя ў набыцці новай кнігі пра цудадзейны абраз і гісторыю Навагрудчыны могуць звярнуцца да аўтара, напісаўшы на e-mail: nikolaev@nlr.ru.  

Аксана Ючкавіч