Сёння ўсё больш і больш бацькоў хочуць, каб іх дзеці разумелі беларускую мову і размаўлялі па-беларуску. З чаго пачаць? З чытання беларускіх дзіцячых кніг!
Каманда стваральнікаў мабільнай праграмы “Кнігі дзеткам” марыць аб тым, каб у Беларусі будучага дзеткам было з кім размаўляць на роднай мове. Праграма “Кнігі дзеткам” мае выгляд кніжнай паліцы, з якой можна спампаваць шаснаццаць агучаных ды праілюстраваных дзіцячых кніг. Гэта беларускія народныя і аўтарскія казкі, а таксама перакладзеныя на беларускую мову добрыя казачныя гісторыі сучасных расійскіх аўтараў і нават серыя кніг малазійскага выдавецтва Pelangi пра прыгоды незвычайнай шкляной кароўкі Моллі. Акрамя таго, ідзе праца над серыяй кніг пра вандроўкі дзетак вакол свету, з якой ужо выйшлі дзве кнігі “Мі і Мо ва Украіне” і “Мі і Мо ў Беларусі” .
Большасць кніг можна пачытаць і паслухаць на дзвюх мовах: беларускай і ангельскай. Функцыю агучкі можна выключыць, каб бацькі маглі пачытаць дзецям казку самі.
Тут можна пабачыць, як функцыянуе праграма.
Праграма даступная карыстальнікам планшэтаў на базе iOS. Цягам некалькіх месяцаў плануецца запуск Android-версіі.
Дзякуючы электроннаму фармату “Кнігі дзеткам” могуць чытаць беларусы ўсяго свету!