“Відымусы” Лявона Юрэвіча

Юрэвіч, Лявон. Відымусы. Мінск: Лімарыус, 2015. — 180 с.

Новая кніга беларускага даследчыка-архівіста з Нью-Ёрка Лявона Юрэвіча, што пабачыла свет у мінскім выдавецтве “Лімарыус”, названая старажытным словам “відымусы” — копіі, выпіскі з архіўных дакументаў.

Невялікае паводле памеру выданне (180 старонак) складаецца з кароткіх цытатаў ці пераказаў эпісталярыяў, мастацкіх твораў, артыкулаў і іншых тэкстаў, створаных як эміграцыйнымі, гэтак і метрапольнымі аўтарамі. Каментары да тых выпісак — мінімальныя, што дае магчымасць чытачу самому рабіць высновы з прачытанага. Часам аўтарская пазіцыя выяўляецца толькі ў назве чарговага відымусу або ў самім падборы сюжэтаў.

У якасці герояў кнігі выступаюць і класікі кшталту Янкі Купалы ды Якуба Коласа, і менш вядомыя ў Беларусі аўтары ці дзеячы, напрыклад, Мікола Дзямідаў, Аляксандр Ружанцоў, Алесь Карповіч ды іншыя (у іменным паказніку пазначаныя больш за 500 асобаў). Як адзначае ў прадмове літаратуразнаўца Ганна Кісліцына: “У Юрэвіча-даследчыка ёсць дзіўны талент — пісаць партрэты адной дэталлю, але дэталлю невыпадковай, сутнаснай, абумоўленай самім жыццём і лёсам. Нехта можа сказаць, што гэта не партрэты, а хутчэй шаржы. Можа быць, але вельмі яркія і запамінальныя”.

Выкарыстаныя аўтарам дакументы, часам агульнадаступныя, як збор твораў Якуба Коласа, але пераважна — архіўныя эміграцыйныя, захаваныя ў БІНіМе. Напэўна, найбольш цытуецца тэкстаў з эпісталярыяў Антона Адамовіча, Юркі Віцьбіча, Масея Сяднёва, Вітаўта Тумаша. Такім чынам, Лявон Юрэвіч на старонках “Відымусаў” уводзіць у айчынную гістарыяграфію і літаратуразнаўства значную колькасць новых крыніцаў.

Тэматыка і храналогія відымусаў разнастайная. Аўтар-архівіст нібыта занатоўвае для памяці ўсё, што падаецца яму цікавым з тае ці іншае нагоды. Гэта можа быць непісьменны тэкст бальшавіцкай улёткі часоў усталявання савецкай улады, біяграфічная нататка аўтара “Беларускай Марсельезы” Юліяна Сергіевіча, развагі пра правільнасць выкарыстання словаў “балонка” і “бачына”, рэфлексіі з нагоды надання вайсковых званняў эміграцыйным дзеячам і г. д. З відымусаў можна даведацца і пра асаблівасці выдавецкай кухні студэнцкага эміграцыйнага перыёдыка, і пра падрабязнасці побытавага жыцця першагерарха БАПЦ, пра “Згвалчаную дзяжу”, або пра ваенныя гады Валянціна Таўлая. На старонках кнігі чытач знойдзе розныя варыянты публікацыі верша Уладзіміра Жылкі і малавядомыя творы Пётры Сыча. 171 маленькі тэкст, самадастатковы, завершаны, часта кур’ёзны, смешны, які прымушае задумацца над нейкай канкрэтнай сітуацыяй ці праблемай. Аўтар часам дае падказкі іншым даследчыкам, на якія тэмы, аспекты, герояў варта звярнуць увагу, або дэманструе новы ракурс раней вядомай з’явы.

“Відымусы” Лявона Юрэвіча — новы жанр айчыннай літаратуры і крыніцазнаўства. Кніга можа быць карысным і нават захапляльным чытвом як для прафесіяналаў (архівістаў, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў), гэтак і для аматараў беларускай мінуўшчыны, сучаснасці ды прыгожага пісьменства.

Наталля Гардзіенка