Калі заняцца пошукам цікавінак пра нашую краіну ў інтэрнэце, акажацца, што ўсе падборкі адаптаваныя для расейцаў. Там апавядаецца пра ветлівых беларускіх кіроўцаў, колькасць загінулых партызанаў і пра тое, што ў нас таксама «рублі». Цікавы факт для расейцаў: людзі трымаюць адно перад адным дзверы ў метро.
Падборкі тыповыя, а калі яшчэ крыху пашукаць, высветліцца, што ўсе маюць адну крыніцу – пост у ЖЖ блогера Міхаіла Мароза, дзе колькі год таму ён паспрабаваў сабраць 100 невядомых фактаў-гісторыяў.
Belsat.eu вырашыў сабраць малавядомыя і цікавыя факты пра Беларусь, якія могуць быць шмат для каго новымі.
Першая па шэнгенскіх візах
Лічыцца, што беларусы мала падарожнічаюць, але, відаць, тыя, хто падарожнічае, абавязкова робіць гэта з шэнгенскай візай у пашпарце. Калі, канешне, лічыць падарожжам паездку ў віленскі «Акропаліс» ці беластоцкія гіпермаркеты. Тым не менш, факт ёсць – па колькасць атрыманых візаў Шэнген беларусы на першым месцы ў свеце. Штогод нашыя грамадзяне атрымоўваюць каля 700 тысячаў візаў, большасць выдае Польшча.
За пісьменную Беларусь!
Вы маглі не ведаць, але Беларусь адна з самых пісьменных краінаў у свеце. Паводле рэйтынгу ЮНЭСКА мы займаем 8-е месца з 99, 7 % пісьменных людзей сярод дарослага насельніцтва. Згодна са статыстыкай, самыя пісьменныя людзі жывуць у Азербайджане – 100%.
Сонечны Лондан, дажджлівы Менск
Нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне пра вечныя туманы і дажджы ў брытанскай сталіцы, наша сталіца больш бы падышла пад гэтае апісанне. Сярэднегадавая колькасць асадкаў у Лондане 584 мм, у Менску больш за 700. Колькасць сонечных гадзінаў цягам года ў нас 1200, у Лондане 1461. І не забывайце, снег у Брытаніі трымаецца ўсяго пяць дзён цягам года.
Ні мора, ні гораў
Калі не браць карлікавых дзяржаваў, то мы адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае ні доступу да мора, ні ўласных гораў. Дзіўна, але паўсюль ёсць горы, большыя за нашую гару Дзяржынскую, альбо мора. А часта і тое, і іншае разам. Затое, у нас калійная соль і штучныя горы пад Салігорскам.
Працяг - тут.