Журы прэміі Гедройца абвясціла поўны спіс намінантаў

У сёлетні спіс намінантаў на прэмію Гедройца ўвайшло 42 кнігі. Агулам журы разгледзела 63 празаічныя выданні. З іх у поўны спіс не трапілі дзіцячыя кнігі, а таксама перавыданні і навуковыя працы. Поўны спіс намінантаў можна паглядзець на афіцыйнай старонцы прэміі gedroyc.by. Неўзабаве на гэтай старонцы з’явіцца таксама інфармацыя пра ўсе намінаваныя кнігі і ўрыўкі з іх. Да 1 красавіка з гэтых 42 кніг журы абярэ доўгі спіс прэміі, які будзе ўлучаць 12 кніг. Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае творчую стыпендыю ў Вентспілсе (Латвія), другое — пераклад твора на польскую мову альбо творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя), першае — чэк ад IdeaBank. У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута. Папярэднія пераможцы прэміі: 2012 — Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”; 2013 — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”; 2014 — Ігар Бабкоў “Хвілінка. Тры гісторыі”.
 
--  Беларускі ПЭН-цэнтр
Беларусь, 220005, г. Мінск, вул. Залатая Горка, 2-101
Тэлефон: 375 17 284 88 34