У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі 64 пераклады першадрукара
Творчая спадчына нашага славутага асветніка цяпер загучала яшчэ мацней. Бо яе пераклалі на 64 мовы свету! Менавіта столькі перакладаў атрымала прадмова да кнігі «Юдзіф». «Францыск Скарына на мовах народаў свету» — так называецца новая кніга Выдавецкага дома «Звязда».
Выданне аказалася надзвычай актуальным. Яго толькі-толькі прэзентавалі, але ўвесь тыраж ужо… разышоўся!
Складальнікам і ініцыятарам праекта з’яўляецца Алесь Карлюкевіч. Разам з ім над ідэяй працаваў паэт Алесь Разанаў. Дарэчы, менавіта ён пераклаў твор са старабеларускай на сучасную мову. У яго апрацоўцы добра вядомая нам прадмова да кнігі «Юдзіф» гучыць так: «Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць».
А цяпер уявіце, што гэтыя, такія родныя і блізкія кожнаму беларусу радкі, цяпер напісалі і на іншых мовах: кітайскай, рускай, украінскай, нямецкай, англійскай, французскай, сербскай, крымска-татарскай, малдаўскай, кабардзінскай, балкарскай і іншых. І на кожнай з іх словы нашага асветніка, здаецца, па-асабліваму кранаюць. Пра гэта можна меркаваць па тым, як чыталі прадмову госці, запрошаныя на прэзентацыю выдання.
Сярод іх была, напрыклад, саветнік пасольства Украіны ў Беларусі Марына Гуцала. Яна з хваляваннем адзначыла:
— Гэта значная падзея не толькі для Беларусі, але, пэўна, і для ўсяго свету. Са свайго боку я зраблю ўсё, каб цэнтральная навуковая бібліятэка Украіны імя Вярнадскага, з якой супрацоўнічае Нацыянальная бібліятэка Беларусі, таксама зацікавілася гэтым праектам. Каб у найбліжэйшыя два гады мерапрыемствы па ўшанаванні Скарыны ў нас таксама абавязкова правялі.
Адметна, што 64 перакладамі Скарыны гэта добрая справа не абмяжуецца. Плануецца, што ў будучым прадмова да кнігі «Юдзіф» з’явіцца на ста мовах.
— Для свайго часу Францыск Скарына быў фігурай незаменнай, — падкрэсліў прафесар, літаратуразнавец Адам Мальдзіс. — У яго жыццё Слова Божае прыйшло напісаным ад рукі, аднак пакінуў ён яго для нашчадкаў ужо надрукаваным. Скарына зрабіў амаль тое ж, што сёння зноў адбываецца ў нашай рэчаіснасці: друкаванае слова замяняецца віртуальным (мы таксама жывём у няпростую эпоху, калі ўсё змяняецца, не ўсе згаджаюцца гэта прыняць). Тыя ж супярэчнасці былі ў часы Скарыны. Дакладна вядома, што калі ён паехаў прадаваць свае пераклады Святога Пісання ў Маскву, там іх… спалілі. Тагачасны праваслаўны люд паспаліты думаў: адна нячыстая сіла можа друкаваць Святое Пісанне. Скарына апераджаў свой час. Толькі праз паўстагоддзя Мікалай Радзівіл Чорны і Сымон Будны аддрукавалі на станку першыя кнігі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І толькі праз 50 гадоў у Расіі з’явіўся Іван Фёдараў. Зерне асветы, кінутае Скарынам у свой час, прарасло.
Галоўны дырэктар міжнароднага радыё «Беларусь» Навум Гальпяровіч, які паходзіць, як і Скарына, са слаўнага Полацка, распавёў пра адну слушную ідэю жыхароў старажытнага горада:
— У мінулым годзе да мяне звярнулася кіраўніцтва Полацка з прапановай арганізаваць там вялікае літаратурна-краязнаўчае свята. Цяпер мы працуем над яго планам. Хочацца, каб кожны год там збіраліся пісьменнікі, навукоўцы — не толькі з нашых гарадоў, але і Прагі, Кракава, Падуі, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Каб творцы мелі магчымасць сцвярджаць веліч нашай культуры і навукі, моц нашага духу. Каб у старажытным горадзе, ва ўсёй Беларусі паказаць свету (і каб свет на гэта адгукнуўся), што ў нас ёсць зямля, якую мы любім, якой мы ганарымся, якая нарадзіла такіх велічных волатаў духу.
Нагадаем, што да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання засталося каля двух з паловай гадоў. Гэта зусім не шмат, калі ўлічыць, які маштабны юбілей чакае нашу краіну. Рыхтавацца трэба ўсім, і такая праца ўжо вядзецца. А новая кніга дарэчы нагадала: час узгадаць пра вялікую падзею ў гісторыі вялікага народа.
Мы былі першымі ў справе кнігадрукавання на землях усходніх славян. І сёння гэта для нас асабліва важна. Каб натхніцца дзейнасцю славутага папярэдніка і вярнуць з небыцця страчанае. Каб, крочачы наперад, бачыць перад сабой сонца і паўмесяц — сімвалы асветы, ведаў і духоўнасці…
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ