22 студзеня 2015 г. Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва атрымаў дзве пасылкі ад эміграцыйнага гісторыка і грамадскага дзеяча Д-ра Янкі Запрудніка. Адна са скрыняў утрымлівае дакументы з асабістага архіву грамадскага дзеяча Васіля Шчэцькі як з часоў яго навучання ў Лювенскім універсітэце (Бельгія), гэтак і з часоў працы бібліятэкарам Калумбійскага ўніверсітэту ў Нью-Ёрку.
Таксама сярод дасланага можна знайсці дакументы вядомага кампазітара, аўтара музыкі гімну “Магутны Божа” Міколы Равенскага, грамадскага дзеяча ў ЗША Аўгена Кудасава, а таксама матэрыялы, назьбіраныя самім Янкам Запруднікам.
Асаблівую каштоўнасць уяўляюць тры нумары беларускага часопіса “Чырвоны шлях”, што выдаваўся ў Петраградзе ў 1918 г. Асобнікі паходзяць з архіву Антона Адамовіча.
Варта адзначыць, што гэта далёка не першыя архіўныя пасылкі, атрыманыя ад Д-ра Янкі Запрудніка. Дасыланыя ім матэрыялы складаюць ужо больш за дзясятак скрынак і ўяўляюць сабою каштоўную частку беларускіх замежных фондаў у БДАМЛМ.
Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа і БДАМЛМ выказвае Д-ра Янку Запрудніку шчырую падзяку за ўсе дасланыя матэрыялы.