Трэйлеры блакбастараў па-беларуску! Штотыдзень на БелМузТВ

Адна з рубрык новага праекта КінаБлог на тэлеканале БелМузТВ – трэйлер блакбастара па-беларуску. Аўтары праекта — кампанія Cinema Pride, якая стварыла музычныя кліпы Лявону Вольскаму, гуртамМутнаевока і Akute. Партнёр беларускамоўнай рубрыкі — кампанія “Будзьма беларусамі!”.

Амаль тры дзясяткі розных фільмаў штотыдзень паказваюць кінатэатры Мінска. Больш за сорак новых серый замежных, у тым ліку расійскіх, серыялаў, штодзень ідуць па тэлевізары ці з’яўляюцца ў інтэрнэце. Як тут не разгубіцца і выбраць найлепшае, каб не было шкада ні грошай за квіткі, ні часу, дарэмна патрачанага на дрэнны альбо нецікавы фільм?

КінаБлог — гэта дапаможнік, своеасаблівы гід у свеце добрага кіно. Тэлепраект выходзіць штотыдзень на тэлеканале БелМузТВ.

У рубрыцы “Аб’ектыўна” вы даведаецеся пра навінкі мінскага пракату. “Суб’ектыўна” падыходзіць да знакавых прэм’ер Серж Добры Жук і распавядае пра вартасці і недахопы той ці іншай стужкі. У госці да вядучай Каці Берасневай прыходзяць “знакамітыя і не вельмі” беларусы, якія зрабілі кінематограф сваёй прафесіяй: акцёры і актрысы, рэжысёры і сцэнарысты, касцюмеры і грымёры, прадзюсары.

Акрамя таго, у кожным выпуску КінаБлога навіны сусветнай і айчыннай кінаіндустрыі, актуальныя падзеі. І заўсёды на дэсерт трэйлер чарговага блакбастара на беларускай мове.

Партнёр рубрыкі “Трэйлер” — кампанія “Будзьма беларусамі!”

КінаБлог — гэта аўтарскі праект кампаніі Cinema Pride, якая займаецца вытворчасцю тэлеперадач, рэкламных ролікаў, музычных кліпаў (Лявон Вольскі, Мутнаевока, Akute).