Новы міністар адукацыі: «Мы прыйдзем да таго, што большасьць дысцыплін будзе выкладацца па-беларуску»

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падтрымаў выкладанне ў школах гісторыі і геаграфіі па-беларуску і выказаўся за паступовае пашырэнне выкладання роднай мовы ў вышэйшых навучальных установах Беларусі.

Кансультацыі з настаўнікамі пра магчымасць выкладання ў сярэдніх школах па-беларуску гісторыі і геаграфіі пачнуцца ў канцы студзеня. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта Свабоды, чаму дагэтуль не рэалізаваныя прапановы Аляксандра Лукашэнкі наконт пашырэння беларускай мовы ў сістэме адукацыі.

«Мы ў прынцыпе вырашылі, што, магчыма, на будучым тыдні ў Мінску збяруцца прадстаўнікі школ, каб абмеркаваць пытанне аб выкладанні па-беларуску гісторыі і геаграфіі. Гэта наша, Міністэрства адукацыі, цвёрдая пазіцыя. Таксама ў абмеркаванні возьмуць удзел прадстаўнікі раённых упраў адукацыі. То бок, безумоўна, ёсць пэўны пералік дысцыплін, якія неабходна выкладаць па-беларуску, бо гэта няправільна — гаварыць пра гісторыю Беларусі не па-беларуску. Мы гэта ўвядзем».

У 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў казаў пра моўны дысбаланс у Беларусі і выказваў заклапочанасць станам беларускай мовы. Гэтак, падчас сустрэчы з настаўнікамі і на сустрэчы з пісьменнікамі Лукашэнка прапанаваў увесці ў навучальную праграму дадатковую гадзіну па беларускай мове і літаратуры.

Барацьба за пашырэнне беларускамоўнага выкладання школьных дысцыплін, у тым ліку гісторыі і геаграфіі, вядзецца ўжо каля 10 гадоў. Яшчэ ў 2007 годзе ТБМ прапаноўвала Мінадукацыі зноў перайсці на выкладанне па-беларуску гэтых дысцыплін, але тады чыноўнікі адказалі, што «гэта немэтазгодна».

Таксама рупліўцы беларускай мовы шмат гадоў прапаноўваюць вярнуць родную мову ў выкладанне ў вышэйшых навучальных установах. А тут ці можна чакаць рэальных зменаў? Новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў на гэтую тэму выказваецца больш асцярожна. Паводле назіранняў спадара Жураўкова, інтарэс да навучання па-беларуску сярод студэнтаў павялічваецца, яго ўжо выяўляюць студэнты не толькі традыцыйна беларускамоўных факультэтаў, прыкладам, філалагічных, але і тэхнічных. Пераход да шырэйшага навучання па-беларуску, на думку міністра, — справа часу:

«На мой погляд, мы прыйдзем да таго, што большасць дысцыплін будзе выкладацца па-беларуску. Гэта нармальна, і гэта трэба заахвочваць».

Карэспандэнт: «Але пакуль уражанне такое, што Міністэрства адукацыі знаходзіцца ўбаку ад гэтага працэсу. Ці не так?»

«Мяркую, такое ўражанне склалася звонку. Насамрэч мы сапраўды разглядаем гэтыя пытанні. Паколькі я нядаўна прыйшоў з БДУ, дык паведамлю, што там таксама гэтае пытанне пастаянна разглядаецца. Магчыма, яго не афішуюць, але гэта так. Прыкладам, на вялікай радзе ўніверсітэта абмяркоўвалі перавод шмат якіх дысцыплін на беларускую мову. Прыкладам, гісторыі БДУ, якая выкладаецца не толькі на гістфаку. У выніку рэкамендавалі гэтак рабіць».

Што да пераходу ўсяго навучання на беларускую мову, Міхаіл Жураўкоў гэтага не падтрымаў. На ягоную думку, у беларускім грамадстве замацавалася дзвюхмоўе, і з гэтага трэба сыходзіць.

Алег Груздзіловіч