Дэпутатам мясцовых Саветаў забаранілі атрымліваць "карту паляка" і карыстацца ёю. Адпаведныя змены ўнесеныя ў закон "Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў". Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, перадае interfax.by.
Згодна з законам, дэпутат Савета цяпер "не мае права атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, якія прадастаўляюць права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама карыстацца такімі ільготамі і перавагамі, калі іншае не вынікае з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь". На час свайго дэпутацтва ўладальнік такіх дакументаў павінен перадаць іх у адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.
Раней забарона на атрыманне і выкарыстанне "карты паляка" была ўведзеная для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дзяржаўных службоўцаў і вайскоўцаў. Нагадаем, што дэпутаты мясцовых Саветаў выконваюць свае функцыі на грамадскай аснове, не атрымоўваючы заробку.