Курсы "Мова Нанова" атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю

Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова» весці грашова-камерцыйную дзейнасць не будзе. Аднак цяпер ахвяраваць на яе карысць зможа любы ахвотны.

Як паведаміў Свабодзе заснавальнік курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка, афіцыйная рэгістрацыя стала неабходнай, бо чыноўнікі адмаўляюцца даваць памяшканні для курсаў «групе неабыякавых людзей».

«Для таго, каб пашырацца далей, нам патрэбная дзяржаўная рэгістрацыя. У некаторых гарадах, дзе мы хочам адкрыць курсы, чыноўнікі ставяцца насцярожана: пагаджаюцца, што курсы — гэта добра, але запытваюцца, хто ж мы такія. І адказ, што мы група неабыякавых людзей, іх не задавальняе. Мы зразумелі, што фармальнасць у выглядзе дзяржаўнай рэгістрацыі для нас вельмі важная. Да таго ж мы не хочам быць падпольшчыкамі, нам няма чаго хаваць», — сказаў Глеб Лабадзенка.

Цяпер «Мова Нанова» зможа выйсці па-за межы «Галерэі Ў» і ладзіць імпрэзы на іншых пляцоўках:

«Мы прайшлі працэдуру атрымання рэгістрацыі. Здзіўлены, што чыноўнікі ў Мінску да нас паставіліся вельмі добразычліва. З рэгістрацыяй у нас звязаныя пэўныя планы. Напрыклад, цяпер зможам ладзіць мерапрыемствы не толькі ў „Галерэі Ў“, — распавёў Глеб Лабадзенка.

Паводле статуту, заснавальнікамі ўстановы «Мова Нанова» сталі мінскія выкладчыкі курсаў Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Рэгіянальныя выкладчыкі будуць аформленыя як сябры ўстановы. Паводле Глеба Лабадзенкі, у такім выпадку да іх не будзе аніякіх пытанняў з боку мясцовай улады.

Разам з тым, выкладчыкі курсаў не будуць уступаць з установай у працоўныя адносіны — «Мова нанова» не будзе займацца грашова-камерцыйнай дзейнасцю і афіцыйна наймаць выкладчыкаў на працу не зможа.

«У нашым статуце адзначана, што грашова-камерцыйную дзейнасьць мы весці не будзем. Адзінае — мы як установа можам прымаць ахвяраванні. Зразумела, што, каб курсы развіваліся, нам неабходныя нейкія сродкі. І хоць тых, хто можа ахвяраваць, дастаткова, у нас не было законнага спосабу прыняць гэтыя сродкі. Цяпер мы можам адкрыць рахунак, і любая фізічная асоба альбо фірма змогуць пералічваць нам сродкі», — кажа Глеб Лабадзенка.