12 лістапада ў сталічным офісе партала Tut.by распачаў сезон беларускамоўны праект «Мова Tut». Арганізатары пазіцыянуюць ініцыятыву не як моўныя курсы, а хутчэй як адмысловы клуб.
«Гэта прастора для сустрэчы людзей, якія хочуць папрактыкавацца ў беларускай мове, але саромеюцца размаўляць на ёй у звычайным жыцці, — тлумачыць каардынатарка праекту Алёна Шарамет-Андрэева. — У межах клуба можна атрымаць веды і пашырыць свой лексікон для таго, каб зняць моўны бар'ер пад назвай «я не ведаю, як гэта называецца па-беларуску».
Першая частка сустрэчы – гэта урок, яго будуць весці выкладчыкі філалагічнага факультэта БДУ. Другая – размова з мастаком, культуразнаўцам альбо гісторыкам. Арганізатары плануюць, што ўсе сустрэчы будуць тэматычна завязаныя на карцінах.
Яшчэ адна асаблівасць праекта: арганізатары прапануюць браць з сабой дзетак, яны будуць глядзець мульцікі ў перакладзе на беларускую мову ў асобным пакоі.
Першым госцем праекта стаў паэт і мастак Адам Глобус са сваёй выставай «Мінск-Вільня».
«Аб'ядноўвае не мова, а размова!» – паэтычна сфармуляваў Адам Глобус.
Праходзіць сустрэчы на праспекце Дзяржынскага, 57, будуць раз на два тыдні, хутчэй за ўсё – у серады ўвечары, абвесткі будуць з'яўляцца на інфармацыйным партале Tut.by, а таксама ў сацыяльных сетках.
Настасся Храловіч