Утвораны міжнародны грамадскі аргкамітэт па кананізацыі Францыска Скарыны. Пра гэта паведаміў прафесар Адам Мальдзіс 2 лістапада на з'ездзе Таварыства беларускай мовы, якое носіць імя ўсходнеславянскага першадрукара.
Час для поспеху такой ініцыятывы надзвычай спрыяльны. Праз тры гады Беларусь будзе святкаваць 500-годдзе сваёй першай друкаванай кнігі, якую выдаў у Празе Францыск Скарына. Той кнігай быў перакладзены ім на беларускую мову «Псалтыр». Потым ён выдаў яшчэ 22 перакладзеныя кнігі Святога Пісьма.
Да таго ж, паводле словаў спадара Мальдзіса, немалаважным момантам ёсць і супадзенне імёнаў беларускага першадрукара і цяперашняга рымскага першаіерарха.
Як неаспрэчны факт, які таксама ўлічылі ініцыятары, даследчык назваў тое, што Францыск Скарына быў ахрышчаны манахамі-бернардынамі ў 1498 годзе ў Полацку ў касцёле святога Францыска. Імя, якое ён атрымаў пры хросце, у беларускай версіі мае два варыянты. Сам сябе славуты палачанін у сваіх тэкстах тройчы называў Францішкам і дваццаць сем разоў Францыскам.