24 кастрычніка ў Мінску адбылася прэзентацыя вынікаў сацыялагічнага даследавання практыкі чытання і літаратурных зацікаўленасцей беларусаў. Апытанне было праведзена Лабараторыяй “Новак” на замову ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, ААТ “Белкніга”, Інстытута журналістыкі БДУ, пісьменнікі, выдаўцы і грамадскія дзеячы.
Юлія Цімафеева, мадэратар сустрэчы
Круглы стол быў адкрыты прывітальным словам Барыса Пятровіча, у якім празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” адзначыў, што сацыялагічныя апытанні, праведзеныя ў 2011 і 2014 гадах, паказваюць зніжэнне цікавасці беларусаў да чытання на роднай мове. Большасць рэспандэнтаў называюць асноўнай прычынай гэтага недастатковае веданне ўласнай мовы, якасць жа нашай літаратуры ў чытачоў пярэчанняў не выклікае.
Выступае Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч
— Сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію былі Васіль Быкаў, Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч, што сведчыць пра належны ўзровень беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай. Літаратурныя прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, імя Ежы Гедройца актуалізуюць сучасны літаратурны працэс. Але, нягледзячы на вялікую колькасць таленавітых пісьменнікаў і твораў, у цэлым цікавасць аўдыторыі да чытання па-беларуску падае, — адзначыў спадар Барыс.
Лідзія Міхеева прэзентуе вынікі сацыялагічнага апытання
Сацыёлаг Лідзія Міхеева прэзентавала вынікі даследавання, у межах якога метадам тэлефоннага інтэрв’ю ЛАД “Новак” апытала 1000 рэспандэнтаў розных узростаў і з розных рэгіёнаў пражывання.
Выявілася, што мастацкую літаратуру хоць бы раз у месяц чытаюць каля 57,9% беларусаў. Колькасць людзей, якія ў прынцыпе не чытаюць кніг – ні мастацкіх, ні навукова-папулярных або дакументальных, – складае каля 19%.
Калі ў 2011 годзе апытаныя сярод жанраў выбіралі найбольш дэтэктывы, жаночыя раманы і фантастыку, то ў 2014 годзе папулярнасць набірае класічная літаратура і кнігі па гісторыі.
На пытанне “На якой мове Вы чытаеце мастацкую літаратуру?”, якое давала магчымасць выбару некалькіх варыянтаў, 99,4% рэспандэнтаў назвала рускую, і 27,7% – рускую і беларускую мовы. На пытанне “Літаратуры на якой мове Вы аддаяце перавагу?”, 93,7% адказалі “На рускай” і толькі 5% – “На беларускай мове”. У параўнанні з даследаваннем 2011 года на беларускай мове сталі чытаць меней.
Культуру чытання перадусім фарміруе агульнаадукацыйная школа і гуманітарныя прадметы, і толькі затым людзі называюць уплыў бацькоў і навучанне ва ўніверсітэце.
Адказваючы на пытанне “Якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце?”, большасць апытаных не змаглі назваць якія-небудзь вядомыя ім імёны. Але незадаволенасць беларускай літаратурай пасля знаёмства з яе творамі выказваюць толькі 7,2% рэспандэнтаў.
Адметна, што пры набыцці кнігі беларусы ў першую чаргу звяртаюць увагу на імя аўтара, і вядомасць пісьменніка мае большае значэнне, чым кошт кнігі. Інакш кажучы, чытачы гатовыя плаціць за брэнд.
Падаўляльная большасць рэспандэнтаў, 80 %, ніколі не наведвалі літаратурныя мерапрыемствы, 15 % зрэдзьчас бываюць на падобных імпрэзах. Што датычыцца гендарнага пытання, то чытаюць больш жанчыны, чым мужчыны.
Ацэньваючы дзейнасць дзяржавы ў развіцці культуры чытання, траціна рэспандэнтаў адзначыла, што дзяржава робіць недастаткова, і ёй варта ўзмацніць сваю падтрымку.
Сярод мераў, якія можна прыняць для паляпшэння сітуацыі, на погляд апытаных, — павялічыць колькасць заняткаў па мове і літаратуры ў школе, зрабіць болей тэматычных праграм на тэлебачанні, пісаць пра кніжныя навінкі у СМІ.
Як падсумавала Лідзія Міхеева, агульная цікавасць да беларускай літаратуры расце, але родная мова як мова чытання год ад года страчвае свае пазіцыі, падае фактычнае валоданне ёй.
Святлана Гук, начальнік аддзела гандлю ААТ “Белкніга”
Што датычыцца кніжнага гандлю, то, як засведчыла начальнік аддзела гандлю ААТ “Белкніга” Святлана Гук, добра прадаецца толькі вучэбна-метадычная літаратура, з мастацкімі кнігамі — тэндэнцыя супярэчлівая.
Злева направа: Аляксей Харужка (выдавецтва “Галіяфы”), Алесь Пашкевіч (першы намеснік Старшыні СБП), Ганна Янкута (ПЭН-Цэнтр)
Міраслаў Лазоўскі (выдавецтва “Кнігазбор”)
Прадстаўнікі выдавецтваў “Галіяфы”, “Логвінаў”, “Кнігазбор” распавялі пра незапатрабаванасць чытачамі кніг невядомых, маладых аўтараў, а таксама малы продаж паэтычных зборнікаў. Адзначылі, што асновапалеглай праблемай з’яўляецца пашырэнне кола чытачоў на беларускай мове.
Алена Макоўская, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
— Кансалідацыя дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый, творчай інтэлігенцыі надзвычай важная, — кажа каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. — Павышэнне культуры чытання, развіццё адукацыйнай сістэмы, узаемадзеянне пісьменнікаў і СМІ немагчымае без супольных высілкаў усіх зацікаўленых бакоў.
— Маючы 12-гадовы досвед працы настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, магу адзначыць два асноўных кірункі, у якіх можна было б дзейнічаць, — распавяла Інга Пінголь, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі. — Спершага, і гэтым ужо займаецца Нацыянальны адукацыйны партал — гэта раскрутка беларускіх літаратараў, акцыі, якія б дазволілі дзецям нестандартна ўспрымаць класічную літаратуру. Другое, на што варта звярнуць увагу, гэта праблема методыкі выкладання літаратуры ў школе. Доўгія гады мы падавалі творы ў аспекце “Што хацеў сказаць аўтар”, у той час, калі сёння важна рабіць акцэнт на вучні, распрацоўваць метадычныя сродкі, якія б дапамагалі зразумець мову мастацкага тэксту, раскрываць асобасныя сэнсы, выхоўваць таленавітага чытача. Гэта няпроста, бо патрэбна мяняць самога настаўніка.
Круглы стол завяршыўся абмеркаваннем прапаноў, з якімі варта звярнуцца ў Міністэрствы адукацыі, інфармацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, каб палепшыць культуру чытання беларусаў. Дакумент знаходзіцца ў дапрацоўцы, і ў хуткім часе будзе прадстаўлены ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” да ўвагі грамадскасці.
Тэкст: ВТ
Фота Алены Казловай