6 кастрычніка адзначаецца Дзень архівіста, і ў гэты дзень падчас ХІІ Архіўных чытанняў адбылася перадача аўтографаў Янкі Купалы і Уладзіміра Жылкі з Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (БІНІМ) у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ).
Наталля Гардзіенка і Ганна Запартыка
Прадстаўнік БІНіМ у Беларусі кандыдат гістарычных навук, кіраўнік Цэнтра камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа Наталля Гардзіенка распавяла прысутным пра гісторыю перададзеных рарытэтаў, вывезеных немцамі з Беларусі ў 1944 г.
Нарабаванае на ўсходніх тэрыторыях было звезена ў сховішчы ў польскім Раціборы, дзе паўтара года працаваў Цэнтр па вывучэнні бальшавізму. Больш за тры сотні супрацоўнікаў займаліся даследаваннем вывезеных з розных краін збораў.
Сярод тых, хто ўдзельнічаў у «папяровых» працах у Раціборы, былі аўтар «Дзённіка» Дзмітры Сямёнаў ды ягоны апякун Антон Шукелойць, а таксама Апалонія і Зора Савёнкі.
Вітаўт Кіпель згадваў: «У нейкім часе ўбачыўшы ў тых купах Купалавы манускрыпты, як і некаторыя іншыя, нехта з тае групы беларускіх працаўнікоў вынес іх, і яны апынуліся ў сям’і Савёнкаў».
Так каштоўныя аўтографы, разам з сям’ёй Савёнкаў пераехалі ў ЗША і пазней былі перададзеныя ў БІНІМ. Частка на пачатку 1970-х праз біскупа Часлава Сіповіча была перададзеная на захаванне ў Беларускую бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане, некаторыя ў 1988 г. Янка Запруднік перадаў у Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску. А рукапіс часткі паэмы «Безназоўнае» застаўся ў БІНіМе і меўся быць перададзены разам з іншымі дакументамі ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку.
Аднак перакананне, што беларускія каштоўнасці мусяць захоўвацца ў Беларусі — перамагло і сёння гэты рукапіс з ініцыятывы Вітаўта Кіпеля і Лявона Юрэвіча вяртаецца на радзіму — у фонды БДАЛіМа.
Куды б трапілі тыя рукапісы, калі б не былі ўратаваныя ўцекачамі-беларусамі, сказаць складана. Рацібор у 1945 г. быў захоплены савецкім войскам, аднак далёка не ўсё з тых дакументаў вярнулася на радзіму. Некаторыя зборы, прыкладам, Смаленскі архіў, дзе былі і некаторыя беларускія матэрыялы, апынуліся ў Нацыянальным архіве ў Вашынгтоне. Але відавочна, што знойдзенае і вынесенае з тых сховішчаў беларусамі пры канцы вайны было ўратавана для беларускай культуры.
Вядомы прыклад, калі ратаваць каштоўныя рукапісы даводзілася не толькі ад немцаў, але і ад НКВД.
Так было з аўтографам «Тэстамента» Уладзіміра Жылкі, які быў перададзены Яўхіму Кіпелю незадоўга да смерці паэта ў высылцы.
Праз гады высяленняў і ператрусы сям’я Кіпеляў здолела захаваць гэты дакумент, і вярнуўшыся ў часе вайны ў Мінск, Яўхім Кіпель адразу з цягніка скіраваўся ў рэдакцыю «Беларускай газеты», каб даць тэкст для публікацыі. І далей аўтограф прайшоў разам са сваімі ратавальнікамі праз выпрабаванні ў паваеннай Нямеччыне і трапіў у ЗША, дзе перададзены ў БІНіМ.
Сёння ў БДАМЛМ быў перададзены і «Купалавы нож».
Ён быў перададзены ў БІНІМ паэтам Міхасём Кавылём. У сваю чаргу паэт атрымаў той нож ад грамадскага дзеяча Юрыя Сабалеўскага, які, апынуўшыся ў часе нямецкай акупацыі ў Мінску, пайшоў на папялішча Купалавай хаты, дзе знайшоў нож, пра які мінскія інтэлігенты тады сказалі, што бачылі такі на стале Купалавага кабінета.
Больш за тое, нехта выказаў версію, што менавіта гэтым нажом для паперы Купала спрабаваў здзейсніць самагубства. Аднак дакладна сказаць, што гэта той самы нож, пакуль немагчыма.
Вядома, гэта толькі невялікая частка беларускіх каштоўнасцяў, што апынуліся ў часе вайны па-за межамі Беларусі, разам з эмігрантамі і былі ўратаваныя.
У створаны пры БДАМЛМ Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа перадаюцца і каштоўныя матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю саміх эмігрантаў.
Так, нядаўна былі атрыманыя дакументы Антона Адамовіча з даваеннага часу, артэфакты з жыцця беларусаў у лагерах для перамешчаных асобаў у Нямеччыне (напрыклад, зробленыя пісьменнікам Лявонам Савёнкам шахматы і карты), і іншыя рарытэты. Усё гэта можна ўбачыць на невялікай выставе, зладжанай спецыльна для Архіўных чытанняў.