Угасіліся як мае быць: прэзентацыя «Мовы» Віктара Марціновіча

У крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” 29 верасня адбылася прэзентацыя рамана “Мова 墨瓦” Віктара Марціновіча. Для чытачоў budzma.by пісьменнік падабраў сінонімы да слова “ўгашаны”. Увага: спойлеры!

Ад тыповых літаратурных прэзентацыяў апошніх гадоў учорашняя прэзентацыя адрознівалася найперш тым, што людзі, якія прыйшлі на яе (не менш за сто чалавек!) збольшага не ведалі адно аднаго ні ў твар, ні па імёнах. Феномен прозы Віктара Марціновіча палягае менавіта ў тым, што яе чытаюць тыя, каго не пабачыш на літаратурных прэзентацыях іншых аўтараў. І гэта добра.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich2014/yyd_2728.jpg

Вядоўцам мерапрыемства быў Усевалад Сцебурака, што надавала вечарыне лёгкі флёр вяселля. Адзінае, было незразумела, хто тут нявеста, а хто жаніх.

На гэтае пытанне Усевалад адказваць адмовіўся, але іншыя пытанні самой сваёй фактурай прымусілі яго зрабіцца больш сур’ёзным:

– Усеваладзе, а ці гатовы ты аддаць жыццё за беларускую мову?

– Не хацелася б…

– А ўгасіцца моваю сёння плануеш?

– Не. Хацелася б… – адказаў Усевалад, прасачыў, каб карэспандэнт правільна расставіў коскі і кропкі ў нататніку, і, сам сваім жартам задаволены, сышоў рыхтавацца да імпрэзы.

Паколькі перад прэзентацыяй ні з кім, апроч вядоўцы, пагаварыць не атрымалася, бо ўсе былі вельмі занятыя (акторы, каб ад іх адчапіліся, нават прызналіся, што раман не чыталі), а не занятых у арганізацыі знаёмых твараў у зале было не ўгледзець, прыйшлося пагаварыць з супрацоўніцамі “ЦЭХа”.

– Не. Вы што! – ледзьве не абуралася Марыя. – Да нас наркаманы не заходзяць! У нас жа зусім іншае месца. У нас звычайна ціха, інтэлігентна, спакойна. Вось можна прыйсці папіць кавы, пагаварыць. Нават можна бізнес-сустрэчу правесці, спакойна пагутарыць. Вы якія наркотыкі, дарэчы, маеце на ўвазе? Тыя, якія ў вену, ці якія іншыя?

– Несубстанцыйныя. А Віктара вы чыталі ўжо?

– Не ведаю, што за несубстанцыйныя. Адным словам, у нас ніякіх не ўжываюць. А раман гэты я пакуль не чытала. Я цяпер паглыбляюся ў класіку. Вось, чытаю першы том “Графа Монтэ-Крыста”.

Барменак прыйшлося пакінуць у спакоі, тым больш што Віктар пачаў раздаваць гледачам папяровыя скрутачкі, перацягнутыя чырвонымі стужкамі. Прэзентацыя пачалася.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich2014/yyd_2539.jpg

– 1000 асобнікаў рамана разышлося па кнігарнях за два тыдні! – радасна паведаміла зале Лізавета Неўмержыцкая, прэс-сакратар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, пры спрыянні якой [кампаніі] выйшла беларускамоўная версія рамана. Прамова сп. Неўмяржыцкай была кароткаю, і пасля некалькіх сказаў яна так жа радасна скончыла: – Давайце не проста каштаваць, але смакаваць нашую беларускую “Мову”! Чытайце Марціновіча!

Неўзабаве за Лізаветаю на сцэну выйшлі Ганна Хітрык і Павал Харланчук. З усіх прысутных, відаць, менавіта яны пабывалі на найбольшай колькасці літаратурных імпрэзаў, бо апошнім часам лічацца добрым тонам паклікаць зачытаць фрагмент з кніжкі акцёрамі Купалаўскага. Але менавіта на гэтай прэзентацыі тое было, мабыць, не зусім дарэчы, бо акустыка не вельмі спрыяла слуханню прозы Марціновіча, да таго ж палове слухачоў не хапіла месцаў, і яны піхаліся каля ўваходу.

Пакуль Ганна і Павал чыталі абраны фрагмент, які спалучаў элементы лёгкай эротыкі і пагрозы гвалтам, у пажарным выхадзе з зале аўтар рамана, седзячы ледзь не на картах, нібыта ўжываючыся ў ролю аднаго з герояў папярэдняга свайго рамана “Сфагнум”, падпісваў кнігі самым нецярплівым чытачам. Побач два цыбатыя маладзёны бубнілі нешта кшталту “Ды што яны тут сабраліся, яны нічога цяжэйшага за сшытак у руках не трымалі” – “Ну не ўсім жа, як мы з табою, зону тапатаць”. Заставалася толькі здзіўляцца, наколькі розныя людзі цягнуцца да мовы.

Пасля акцёраў Купалаўскага вядоўца, рызыкуючы атрымаць абвінавачанне ў сэксізме, даў слова перакладчыцы рамана на рускую мову, “найпрыгажэйшай жанчыне са светлымі валасамі” Лідзіі Міхеевай.

Спадарыня Міхеева, як і варта было чакаць ад перакладчыка на рускую мову, прамаўляла таксама па-руску.

– Главное, что перевод на русский язык через год вообще понадобился. Год назад Виктор написал роман по-русски. Перевел его на белорусский Виталь Рыжков. И вот новый роман написан уже по-белорусски.

Лідзія патлумачыла нашто спатрэбіўся пераклад на рускую мову: падставаў, на яе думку, было некалькі:

– Человек может прочитать книгу на том языке, которым владеет в совершенстве… Нет необходимости прикладывать сверхусилия, чтобы прикоснуться к вселенной смыслов и ценностей. Мы протягиваем читателю руку, прокладываем мостик. Из тех же соображений «Русская книга» Сергея Дубовца написана по-русски.

Апроч сацыяльнай падставы для перакладу была яшчэ і чыста ўнутраная, але спойлеры будуць у канцы гэтага тэксту. Выступ перакладчыца скончыла даволі хутка. Пасля мерапрыемства яна расказала, што часу на прамову было няшмат, таму некалькі важных рэчаў яна не паспела артыкуляваць са сцэны. Карыстаючыся выпадкам, дадзім ёй слова:

– Самае важнае ў пабудове кнігі ў тым, што Віктар не трывіялізуе той мэсідж, які ў яго ёсць. Напрыканцы рамана змешчаныя фрагменты са знакамітага і вельмі добрага артыкула-эсэ Цёткі. Пра тое, што для існавання беларускай ідэнтычнасці неабходна захоўваць менавіта беларускую мову. У арыгінальным тэксце гэта дакладна сфармуляваныя, але ўсё ж такі лозунгі. Віктар робіць сваім раманам супрацьлеглы жэст. Ён стварае вельмі складаны твор, у якім не ўгаворвае, не заклікае пачаць гаварыць на мове, але пагружае ў мову, моваю спакушае, прымушае, спакусіцца і без усялякага гвалту, зайсці ў мову як у свой дом.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich2014/yyd_2489.jpg

І другі момант, які мне здаецца важным. Нават Віктар ужываў у сваіх прамовах такі выраз, як “ген беларускасці”. Я думаю, што гэты выраз усплывае ў маўленні, калі мы хочам перадаць штосьці, што перадаецца вельмі складана, калі перадаць нешта вельмі глыбокае ў нас. Мы маем на ўвазе менавіта код, сімвалічны код, моўны код. То бок мы гаворым пра нешта біялагічнае, што маркуецца словам “ген”, але насамрэч з’яўляецца нечым вельмі сімвалічным, то бок моваю, культурнымі каштоўнасцямі, сімвалічнаю сістэмаю, якая, як нам здаецца дзесьці на паверхні, дзесьці ў камунікацыі, але насамрэч дзесьці ўсярэдзіне нас, глыбей, чым любая генетыка. Таму калі мы гаворым “ген беларускасці”, мы маем на ўвазе моўны код. І вось што б магло стаць эпіграфам да рамана Віктара. Ёсць цудоўная фраза французскага класіка псіхааналізу Жака Лакана: “Бессвядомае структураванае, як мова”, то бок самае глыбіннае ў нас мае структуру мовы..

Пасля такой прамовы стала неяк няёмка прыводзіць тут адказы Лідзіі Міхеевай на нашыя дурнаватыя пытанні пра тое, ці не знаходзіла перакладчыца русізмаў у аўтара ці пад што лепш мацавацца, пад Bruttо ці пад Марціновіча. Аднак імпрэза ішла сваю хадою, і пасля чарговага чытання спадароў Хітрык і Харланчука на сцэне з’явіўся Міхась Баярын.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich2014/yyd_2575.jpg

Густа перасыпаючы сваю прамовы выразамі кшталту “я як эстэт” або “я перайшоў у разрад вытворцаў [мовы]» легендарны паэт прызнаўся, што раман Віктара – гэта кніга, якую б ён хацеў напісаць сам. Ідэя стварыць штосьці падобнае нарадзілася ў Міхася Баярына “гадоў з пяць таму”, калі ён прачытаў у адным з тэкстаў Карласа Кастанэды пра індзейскіх шаманаў, якія ў гадавіны прайгранай іх продкамі бітвы збіраюцца і спяваюць песні пра тое, што насамрэч іх продкі перамаглі. Нібы тым шаманам сп. Баярыну захацелася напісаць раман – мару кожнага беларуса, тэкст, у якім бы нашыя перамаглі. Але штосьці пайшло не так, і паэт рамана не напісаў.

Абсалютна цікавай і, галоўнае, блізкай, падалася паэту і метафара несубстанцыйных наркотыкаў у рамане. Спадар Баярын распавёў што набываў мову амаль падобным ж чынам у шапіку ТБМ, і прызнаўся, што, на ягоную думку, “наркотыкі – ніякія не наркотыкі, гэта багі”. І “мова адкрываецца, як багіня!”. Яшчэ больш цікавым і прадуктыўным, на думку сп. Баярына, з’яўляецца гульня ў мову, стварэнне моўнага коду. “Гэта як камп’ютарная гульня, якая для праграміста з’яўляецца звычайным кодам”. Так рэзюмаваў прамову паэт, і ўсім адразу неяк захацелася пакаштаваць.

Уважлівы чытач абавязкова здагадаецца, што пасля выступоўцы на сцэне зноў з’явіліся акцёры і прачыталі яшчэ адзін фрагмент рамана. Гэтым разам ён пачынаўся са словаў “Беларуская культура? Не, не чуў…” Аднак па завяршэнні чытання вядоўца не даў акцёрам так проста збегчы, а крыху памучыў іх пытаннямі пра ўражанні ад тэксту. Ганна расказала, што “не зусім трагедыя, але сумнавата робіцца”, а Павал сказаў, што “я баюся ведаць [ці можа ў будучыні рэальнасць рамана ўвасобіцца]”. Чамусьці па трох выпадковых фрагментах раман пакінуў сумнае ўражанне ў Ганны і Паўла, але далёка не кожны з гэтым пагодзіцца.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich2014/yyd_2523.jpg

Нарэшце на сцэну ўзняўся сам аўтар рамана. У руцэ ён трымаў загадкавую чорную кнігу. Можа быць, Віктару, як большасці раманістаў, і хацелася выступіць з доўгай нуднай прамовай, але вядоўца сваімі пытаннямі, вопытнаю рукою ўмела правёў яго паміж пасткамі нуды, то сам задаючы пытанні, то аддаючы гэтае права слухацкай залі. Але сёе-тое аўтар распавесці паспеў.

Віктар Марціновіч распавёў зале гісторыю стварэння кнігі. Ідэя, паводле словаў аўтара, прыйшла яму ў галаву пасля прачытання санетаў Шэкспіра ў бліскучых перакладах Уладзіміра Дубоўкі, дзе Віктар сустрэў “словы, якія ніхто не ўжывае”. “Кранальная прыгажосць перакладаў”, фактычна забытых сучасным гараджанінам, і падштурхнула Віктара на стварэнне рамана пра беларускую мову. Сваім тэкстам ён хацеў найперш папулярызаваць беларускую класіку і саму мову праз ліха закручаны сюжэт баевіка.

– Адкуль у вас, Віктар, інфармацыя пра норавы ў трыядах?

– Адзін з босаў трыядаў у Куала-Лумпуры абяцаў пакласці кулю мне ў галаву. Так літаральна і сказаў. Таму паверце, я добра знаёмы з іх норавамі. Пра гэта ў рускай Вікіпедыі не прачытаеш. Але больш я нічога расказаць не магу. Але я проста атвечаю, што ўсё ў іх менавіта так і адбываецца, – ці то жартам, ці то ўсур’ёз паведаміў Віктар.

Таксама аўтар распавёў, што шмат падарожнічаў па Паўднёва-ўсходняй Азіі і шмат даведаўся менавіта там. Там жа ён пазнаёміўся з кітайскім знаўцам, які кансультаваў сп. Марціновіча адносна мовы Паднябеснай, афіцыйнай, між іншага, мовы саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі.

Віктар адкрыў “таямніцу”, што, як любы аўтар, ён сочыць за водгукамі на свае тэксты, і яму ёсць што сказаць сваім крытыкам:

– Крытыкі гавораць, што два маі героі Джанкі і Дылер – гэта насамрэч адзін герой, кажуць, нібыта я не ўмею працаваць са стылістыкаю мовы. Але мне вельмі важна, каб хоць вы зразумелі, што для мяне гэтыя героі – проста бляклыя адбіткі ў мове, два бакі адной з’явы, па сутнасці, адзін чалавек, які напрыканцы становіцца несубстанцыйнай істотай і памірае. Гэта быў мой наўмысны жарт, наўмысны здзек з чытача.

Але яшчэ вельмі важна тое, ў што я веру: мы не паміраем, мы ўсе бессмяротныя, і мова – адно з вымярэнняў нашай неўміручасці. Гаворачы на мове, мы пакідаем у ёй сляды. Таму тое, што сёння адбываецца з беларускай мовай, з’яўляецца здрадай. У ангельскай мове і Шэкспір, і докер, які таленавіта мацюкаецца, пакідаюць след. Нашыя ж продкі, наш свет каштоўнасцяў – усё гэта сыходзіць ад нас.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich2014/yyd_2564.jpg

– Якое ж усё-ткі слова шукала Цётка ў перакладах Дубоўкі?

– Вельмі добрае пытанне, – шчыра ўзрадаваўся Віктар Марціновіч.

Але так і не сказаў, што гэта за слова – трэцяе паміж каханнем і любоўю, рамантычнае пачуццё паміж мужчынам і жанчынаю, заклікаўшы чытаць і аналізаваць Дубоўку.

Пытанне пра трэцяе слова было апошнім ад слухачоў да аўтара. Далей пытанні задаваў ужо Віктар. Ён папрасіў у гледачоў, якія атрымалі перад пачаткам імпрэзы скруткі, разгарнуць іх. Тыя, хто атрымаў на скрутку фрагмент рамана Віктара, меў права выйсці на сцэну, зачытаць яго і атрымаць прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Улічваючы, што фрагменты не былі падпісаныя, нават дзіўна, што першыя ж тры чалавекі ўгадалі фрагменты, бо было раздадзена багата кавалкаў з беларускай класікі.

Адразу як скончыліся каштоўныя падарункі ад “Будзьма беларусамі”, да Віктара пашыхтаваліся па аўтографы чытачы. Далібог, Віктар раздаваў іх каля сарака хвілінаў. Пасля гэтага стомлены герой вечара ласкава пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

– Пялевін ці Сарокін, каго ў рамане больш?

– Мне здаецца, што Пялевін – гэта ж у першую чаргу нейкія там рэчывы, субстанцыі, але сам разварот сюжэта хутчэй сарокінскі. Але мой тэкст – гэта ні тое, ні другое. Ні ў першага, ні ў другога няма такіх твораў.

– Безумоўна, няма. Як думаеце, не атрымаецца так, што тыя, хто прачытае раман па-руску, не стане чытаць яго беларускаю?

– Мне здаецца, што чалавек, які прачытае гэта па-руску, пабяжыць набываць папяровы варыянт па-беларуску, бо калі там нейкі кітайскі бандзюк у тэксце гаворыць “беражыце язык свой” – ну натуральна, хочацца гэта ўсё ў арыгінале прачытаць. Асабіста я б хацеў гэты тэкст чытаць у арыгінале. Але Лідзія Міхеева зрабіла файную працу. Цяпер гэта пачынаюць разумець. Пайшла хваля водгукаў, што гэты тэкст трэба чытаць менавіта па-расійску. Вось Міхась Баярын сёння гаварыў пра гэта. Таму што ў рускім тэксце бачная мяжа паміж светам, дзе мова забароненая, і самой мовай.

– Ці можаце вы назваць некалькі сінонімаў да слова “ўгашаны”?

– Ухезаны, удзёўбаны, торкнуты, навалены, адкілбашаны, стомлены…

– Хопіць-хопіць! Лепш дайце нашым чытачам спойлер, якога не шкада!

– [ У рамане апісаны штурм тэлебачання! ]

Дарэчы, банкету пасля прэзентацыі не было. Відаць, мара вядоўцы здзейснілася, і ўсе разышліся ўгашвацца моваю.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich2014/yyd_2956.jpg