Дзень вышыванкі пройдзе ў Мінску ўпершыню. Яго арганізатары лічаць, што цяпер вялікі попыт на традыцыйную культуру. Нейкай адмысловай нагоды гэтая імпрэза не мае. Як патлумачыў адзін з арганізатараў фэсту Мікіта Броўка, проста супалі магчымасці, час і ідэя. “Мы вырашылі правесці Дзень вышыванкі пакуль не стала халодна. Тым больш, што цяпер тэма вышыванкі і ўвогуле вопраткі з беларускай нацыянальнай адметнасцю стала папулярная. І мы захацелі сабраць разам тых людзей, у якіх ужо ёсць такое адзенне, і тых, якія гэтым цікавяцца. Каб правесці такое сумеснае свята”, — адзначыў Броўка. А свята мае на мэце паказаць, што беларуская нацыянальная вопратка — гэта стылёва і адметна. Прастора фестывалю будзе заніраваная на некалькі пляцовак. На кірмашы наведвальнікі змогуць набыць сабе не толькі вопратку, але і іншыя прадметы з рысамі традыцыйнай беларускай культуры. На жаль, адзення LSTR ці HONAR мы там не пабачым. Вытворцы гэтых брэндаў не будуць удзельнічаць, бо (афіцыйна) ў іх цяпер няма тавару на продаж. Але будзе Simbal.by, што ўжо добра вядомы сваімі “вышымайкамі”, творчая майстэрня “Берагіня” і шмат іншых. “Мы не ставім сабе на мэту зрабіць чыста этна-фестываль. А хочам зрабіць свята нацыянальнай культуры, дзе можна будзе знайсці ўсё. Нават і тыя рэчы, што дапамогуць чалавеку паказаць, што ён — беларус”, — падкрэсліў Мікіта Броўка. Будзе на фестывалі і пляцоўка, дзе майстры збіраюцца размалёўваць людзей. І гаворка тут ідзе не толькі пра бодзі-арт воднымі фарбамі ці часовыя малюнкі, а пра самыя сур’ёзныя татуіроўкі на гістарычную ці народную тэматыку. Для аматараў іншых уражанняў арганізатары прапануюць пляцоўку з беларускімі гульнямі. Калі хто шчэ не трымаў у руках “Разам”, “1514” ці “Паўстанцаў”, вам сюды. Некаторыя з гульняў рабіліся пры падтрымцы “Арт Сядзібы”, таму даволі натуральна, што на Дні вышыванкі наведвальнікаў пазнаёмяць і з імі. “Мы хочам, каб людзі маглі пагуляць ў гульні і набыць іх”, — падкрэсліў Броўка. Адмысловых выканаўцаў арганізатары запрасілі і на музычную пляцоўку. Тут выступіць гурт Unia, што ўяўляе сабой незвычайную сумесь беларускіх народных песень з магутнай рытм-секцыяй. З імі падзеліць пляцоўку Recha са сваёй простай музыкай і простымі словамі аб самым галоўным у жыцці. Будзе таксама самы вядомы барадач сучаснай беларускай сцэны Сяргей Башлыкевіч (Leibonik). У гэтых выканаўцаў ужо ёсць пэўная публіка, а вось праект «Бачу ўпершыню» толькі пачынае яе збіраць. Гэта паэтычна-музычны праект маладога паэта Алеся Снега і музыкі Андруся Закаханага. Яны не проста чытаюць вершы на музыку, а спалучаюць спевы і чытанне. Свой стыль яны абазначылі як акустычная лірыка з элементамі індзі. У праграме фестывалю можна знайсці пазнаку “шмат чаго іншага”. Мікіта Броўка нам не прызнаўся, што за гэтымі словамі хаваюць арганізатары, але адзначыў, што гэта будуць розныя прыемныя дробязі кшталту налепак з арнаментам на тэлефоны і ноўтбукі, стужкі з нацыянальным арнаментам і г.д. “Стужкі мы прапануем як альтэрнатыву тым жа расійскім ці георгіеўскім стужкам. То бок гэта як спосаб абазначыць сябе як беларуса”,— тлумачыць Мікіта. З ягоных словаў, такія стужкі атрымаюць усе наведвальнікі фестывалю. Дзень вышыванкі пройдзе ў прасторы «ДК» (вул. Талбухіна, 4, 3 паверх) 5 кастрычніка з 15:00 да 22:00. Дарэчы, уваход на фэст будзе вольны.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане