У першай палове снежня ў Беларусі мае адбыцца Усебеларускі кангрэс за незалежнасць. Такое рашэнне было прынятае 20 верасня ў Мінску на чарговым пасяджэнні аргкамітэту кангрэса.
Да працы аргкамітэта далучыліся акадэмік Радзім Гарэцкі, прафесар Мікола Савіцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр Уладзімір Колас і доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў.
Доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Беларусі Міхаіл Пастухоў — былы суддзя Канстытуцыйнага суду, які захаваў адданасць прысязе і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, назваў ідэю правядзення кангрэсу «вельмі слушнай» і адзначыў, што існуюць грунтоўныя падставы для арганізацыі гэтага форуму, бо 29 мая 2014 году ў Астане (Казахстан) прэзідэнтамі Беларусі, Казахстану і Расіі падпісаная дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе, якую бліжэйшым часам плануюць ратыфікаваць.
На думку юрыста, у гэтай дамове ёсць палажэнні, што нясуць непасрэдную пагрозу незалежнасці Беларусі. Гаворка ідзе, між іншым, пра артыкул 6, што тычыцца прававых актаў, якія прымаюцца наддзяржаўнымі органамі і з’яўляюцца абавязковымі для дзяржаваў-удзельніц ЕўрАзЭЗ, а таксама пра артыкул 13, згодна якому краіна-падпісант не можа выйсці з звязу без згоды іншых краін. І калі гэтая дамова будзе ратыфікаваная, можна сцвярджаць пра рэальную небяспеку для суверэнітэту Беларусі, падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.
На пасяджэнні былі вылучаныя кандыдатуры на сустаршыняў аргкамітэту і кангрэсу, якія будуць зацверджаныя пасля атрымання адпаведнай згоды, а таксама разгледжаны іншыя арганізацыйныя пытанні.
Нагадаем, што аргкамітэт па падрыхтоўцы і скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць быў створаны 30 жніўня. Каардынатарам аргкамітэта абраная намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Сябры аргкамітэту чакаюць ад людзей канкрэтныя прапановы па фармату кангрэсу, яго тэматыцы, месцы і часе правядзення, наконт механізму вылучэння дэлегатаў і збору сродкаў для арэнды памяшкання і на іншыя выдаткі. Свае прапановы і заўвагі жадаючыя могуць даслаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc@gmail.com.
Марат Гаравы, "Наша Ніва"