Прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына

У Народным музеі імя Аляксандра Жукоўскага Слонімскай сярэдняй школы № 4 адбылася прэзентацыя кнігі пісьменніка, краязнаўца, гісторыка і журналіста Сяргея Чыгрына “Хочацца дахаты”, якая нядаўна пабачыла свет у мінскім выдавецтве “Кнігазбор”. На сустрэчы прысутнічалі вучні старэйшых класаў школы, настаўнікі і супрацоўнікі музея.

Падчас сустрэчы аўтар кнігі распавёў пра пошукі матэрыялаў да свае кнігі, пра асабістыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, падзяліўся ўспамінамі пра тых людзей, якіх ён прыгадвае на старонках свайго выдання, пра тых асобаў Беларусі, пра якіх варта пісаць і выдаваць цэлыя манаграфіі, а таксама кнігі ўспамінаў.

“У сваю новую кнігу я ўключыў артыкулы пра людзей малавядомых, але якія заслужылі ўдзячную памяць беларусаў, Гэта, у прыватнасці, Андрэй Вайтовіч – адзін з сяброў Беларускай незалежніцкай партыі, беларускі дзеяч на эміграцыі і ў даваенным Слоніме Алесь Асіпчык, сябра Саюза вызвалення Беларусі, паэт Віталь Губарэвіч, дзеячка ў Заходняй Беларусі Ганна Кароль. Шмат старонак у кнізе адведзена ўспамінам пра беларускіх літаратараў Міколу Арочку, Янку Саламевіча, Сакрата Яновіча, Аляксея Пысіна, Міколу Гайдука і многіх іншых”, – сказаў Сяргей Чыгрын прысутным.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім