Выйшла з друку беларускае выданне кнігі польскага даследчыка Пятра Дружджа “Бітва пад Оршай 1514 года”.
Аршанская бітва, якая адбылася 8 верасня 1514 года, з’яўляецца сапраўдным гонарам нашых продкаў. Яе па сваім значэнні і ўзорным прыкладзе тагачаснага ваеннага мастацтва можна ўпэўнена паставіць у адзін шэраг з Грунвальдскай і Кулікоўскай бітвай.
Кніга Пятра Дружджа стварае магчымасць не толькі бліжэй пазнаёміцца з ходам і характарам бітвы, але і зазірнуць у свет міжнароднай палітыкі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе на пераломе эпохі Сярэднявечча і Новага часу. Аўтар упісвае Аршанскую бітву ў кантэкст еўрапейскага ваеннага мастацтва, выдатна паказваючы яе асаблівае значэнне для развіцця вайсковай справы ў Вялікім княстве Літоўскім па еўрапейскіх узорах.
У свой час гэтае выданне было першай кніжнай публікацыяй, прысвечанай славутай падзеі з гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У юбілейны год і беларускі чытач атрымаў магчымасць азнаёміцца з цікавымі назіраннямі польскага гісторыка на падзеі ваеннай і палітычнай гісторыі канца 15 – пачатку 16 стагоддзя.
Кніга Пятра Дружджа разлічана на самую шырокую аўдыторыю і з’яўляецца добрым прыкладам якаснай гістарычнай белетрыстыкі. Яна будзе сапраўднай крыніцай ведаў для тых, хто хоча даведацца, як разварочваліся падзеі, што адбываліся на палях пад Оршай у 1514 годзе.
Выданне падтрымана Польскім Інстытутам у Мінску.
Кнігу можна набыць у кнігарні “Логвінаў”, “Кніжны салон”, “Акадэмкніга”, інтэрнэт-крамах imbryk.by, knihi.by.