Улюбёнец Памяці (Ваяру Аршанскай Перамогі Міколу Купаву)
І на Крапіўне кволасць не бярэ, бо спраўна служыць апантанай музе: за Вітаўтам прыглядвае ў напрузе, да Кастуся прабіўся праз карэ…
Падпёр Гальшаны незалежнік-вольнік. На Нашай Ніве сейбіт ён і жнец,-- з ім Багушэвіч, Цётка, Каганец… З Купалам і Купава – Янка Здольнік.
На Воршу, Слуцак з любасцю глядзіць. А ў сэрцы ж у Міколы Вільня б'ецца! (Да Вострай Брамы ходзяць аднаверцы).
Між ваяроў вязьмо не разамкнецца: як толькі Герба, Сцяга дакранецца,-- ён, мужны, Зніч бярэцца маладзіць і ў Беларусь уводзіць спадкаемцаў.
Харугвы Пяцьсотгоддзя залаціць пачаў наноў… Зноў Памяць усміхнецца: не змог яе Купава разлюбіць!
Сяргей Панізьнік