У сваім гістарычным нарысе доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч разглядае бітву пад Оршай з беларускацэнтрычных пазіцый. Гэта першая праца такога кшталту.
Дарэчы, далёкі продак прафесара, баярын Юхно Грыцкевіч, як сведчаць дакументы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, «вярнуўся з Аршанскай бітвы пераможцам».
Першая прэзэнтацыя «Сцягоў» адбудзецца ў дзень бітвы, 8 верасьня, на адкрыцці 2-га сезону курсаў «Мова нанова» ў галерэі «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а). Пачатак а 19-й гадзіне. Уваход вольны.
«Гісторыя кожнага народа захоўвае падзеі і даты, памяць пра якія ніколі не знікае, — гаворыцца ў прадмове. — У цяжкія для нацыянальнага быцця часы яна прабіваецца, як трава праз брук, вяртаецца, як птушкі з выраю, і працягвае хваляваць і натхняць сэрцы.
У беларускай гісторыі ў першым шэрагу такіх падзяеў — бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года, калі рыцары-літвіны на чале з найвышэйшым гетманам Канстанцінам Астрожскім разграмілі ўтрая большае войска маскоўскіх ваяводаў.
Гэта была не проста бітва, а сутыкненне дзвюх цывілізацый: еўрапейскай, да якой належала радзіма нашых продкаў Вялікае Княства Літоўскае, і еўразійскай, дзе ўзмацнілася Маскоўскае княства. Яго вызваленне ад татарскага прыгнёту, гэтай найвялікшай трагедыі расійскага народа, было толькі вонкавым. Масковія, па сутнасці, зрабілася адлюстраваннем Арды — з жорсткім адзінаўладдзем, сляпой падначаленасцю «холопов государевых» і чынгісханаўскай ідэяй панавання над усім светам.
Пад Оршай беларускія ваяры не толькі адстойвалі суверэнітэт сваёй дзяржавы, але і баранілі рубяжы Еўропы.
Невыпадкова перамога арміі Вялікага Княства мела надзвычай шырокі розгалас у Еўропе. Пра разгром маскавітаў паведамілі тагачасныя газеты-ўлёткі, надрукаваныя ў Лейпцыгу, Нюрнбергу, Рыме… Гетмана Астрожскага называлі другім Ганібалам, а яго рыцараў параўноўвалі з мужнымі ваярамі антычнай Македоніі. Тры дні трыумф літвінскай зброі святкавалі на Вацлаўскім пляцы ў Празе браты-чэхі. У Кракаве і Рыме выйшлі зборнікі паэтычных твораў у гонар нашай перамогі. У шмат якіх еўрапейскіх краінах Аршанскую бітву вывучалі як прыклад бліскучых дзеянняў супроць значна большай сілы непрыяцеля.
Аддалі даніну нашым ваярам і расійскія гісторыкі. Мікалай Карамзін у «Истории государства Российского» пісаў, што літвіны датуль «ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі».
Мінулае нельга перайначыць, але можна ўдакладніць, уваскрашаючы імёны, патаемныя рухі гісторыі, яе гукі і фарбы», — піша ў прадмове Уладзімір Арлоў.
Мастацкае афармленне «Сцягоў Оршы» зрабіў Зміцер Герасімовіч. У выданні 50 ілюстрацый.
Гэтае выданне запачаткоўвае серыю «Славутыя перамогі», галоўным рэдактарам якой пагадзіўся быць Уладзімер Арлоў.
Кніга пабачыла свет дзякуючы мінскаму выдаўцу Аляксею Вараксіну.
У кнігарні яна трапіць ў наступныя дні, а праз некалькі тыдняў выйдзе па-руску.