Вечарына памяці выбітнога паэта і грамадскага дзеяча прайшла 2 верасня ў Палацы Мастацтваў. Імпрэза адбылася дзякуючы сумесным арганізацыйным высілкам Беларускага саюза мастакоў, Саюза беларускіх пісьменнікаў і актывістаў кампаніі “Гавары праўду”.
У памяць пра Генадзя Бураўкіна выконвалі песні Таццяна Матафонава з сынам Адасем, Пётр Клюеў, Зміцер Вайцюшкевіч, Павал Аракелян.
Паэт Уладзімір Някляеў зазначыў, што Генадзь Бураўкін быў грамадскім дзеячам і дыпламатам, але прыйшоў на гэты свет паэтам і паэтам з гэтага свету сышоў. “І гэта самая вялікая місія, якую ён выканаў на нашай роднай зямлі, за што яму будзе ўдзячнае не адно пакаленне беларусаў”, — падкрэсліў Уладзімір Някляеў.
Паэт Леанід Дранько-Майсюк назваў Генадзя Бураўкіна “выдатным творцам з выдатнага пакалення, з той творчай прасторы, адкуль Уладзімір Караткевіч, Іван Чыгрынаў, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Міхась Стральцоў і Васіль Зуёнак — гэтыя дзеці вайны, якія добра ведалі, што такое жыццё побач са смерцю, што такое адсутнасць хлеба, і ўсё гэта гранічна шчыра выказалі ў сваіх творах. Менавіта з іх прыходам у нашую літаратуру ў 1950-я гады ў ёй адбылася сапраўдная эстэтычная рэвалюцыя, калі беларуская проза і паэзія набыла новую маштабнасць”.
А паэт Васіль Зуёнак нагадаў, што жыццёвыя сцежкі яго і Генадзя Бураўкіна з’яднаў знакаміты дом № 21 па вуліцы Няміга. “На першым паверсе гэтага двухпавярховага будынку быў гастраном, а на другім — інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, дзе звычайна жылі першакурснікі. І нашы ложкі ў інтэрнацкім пакоі стаялі такім чынам, што мы з Генадзем увесь першы курс праспалі галава ў галаву. Я быў шчаслівы, што бачыў, як нараджаецца паэзія майго сябры — светлая, юнацкая на той час, вясновая. “Майская просінь” — такая першая кніжка ў яго паявілася. І гэта ўсё — на маіх вачах. А насупраць нашага будынку стаяў Петрапаўлаўскі сабор, які і тады дзейнічаў. У нас было трохі весялей, чым у гэтым храме, бо ўнізе быў гастраном і мы іншы раз бегалі туды за свянцонай вадой пасля экзаменаў. І так склаўся лёс, што Генадзь Бураўкін прыйшоў развітацца з гэтай зямлёй, каб адправіцца да зор, зноў сюды на Нямігу, у гэты храм”, — сказаў Васіль Зуёнак.
Творчы вечар пры поўнай зале доўжыўся амаль тры гадзіны.