Група маладзёнаў стварыла новую беларускамоўную версію “Укантакце”

Год таму, у чэрвені 2013 года, у найпапулярнейшай сацыяльнай сеткі “Укантакце” з’явілася беларускамоўная версія акадэмічным правапісам. Перакладчыкі не асабліва афішавалі новую версію, выпраўляючы цягам года недарэчнасці і абмяркоўваючы складаныя моманты.

Цяпер жа група неабыякавых перакладчыкаў-валанцёраў, аб’яднаная ў суполку “Укантакце па-беларуску”, афіцыйна прэзентуе вынікі сваёй працы на сайце “Будзьма беларусамі!”.

Мы паразмаўлялі з адным з перакладчыкаў, Вадзімам Талочкам, пра тое, наколькі складана стварыць моўную версію сацыяльнай сеткі.

— Па шчырасці, “УК” ужо быў беларусізаваны, — расказвае спадар Вадзім. — Быў добры пераклад на тарашкевіцу, але знайшліся тыя, каго ён не задаволіў. Мы палічылі, што ў такога папулярнага сайта проста павінная быць версія на сучаснай беларускай мове.

Якім чынам набіралі каманду?

— Ініцыятарамі перакладу выступілі Аліна Пілецкая і Андрэй Мінчукоў. Аліна першая атрымала патрэбныя правы ад адміністрацыі сайта і адразу прызначыла Андрэя другім перакладчыкам. Гэта адбылося ў студзені 2011 года. Пасля перакладчыкі набіраліся па-рознаму: праз знаёмых, аб’явы ў беларускіх суполках, артыкул у “Нашай Ніве”. Такім чынам, за ўвесь час у перакладзе ўзяло ўдзел больш за 25 чалавек. Цяпер мы маем каманду з 7 актыўных перакладчыкаў.

Якія моманты перакладу аказаліся самымі цяжкімі?

— Напрыклад, вялікая колькасць IT-тэрміналогіі, для якой вельмі цяжка, а часам і немагчыма было падабраць беларускі адпаведнік. Вельмі ёмістай працай стаў пераклад шматлікіх юрыдычных дакументаў, якія выкарыстоўваюцца адміністрацыяй. Але нашмат больш сур’ёзныя спрэчкі разгараліся паміж перакладчыкамі наконт эквівалентаў — адзінак, якія больш за ўсё адпавядаюць па сэнсе пэўным словам. Але мы спадзяемся, што карыстальніку спадабаецца наш кампраміс. А калі не, мы заўсёды гатовыя прыслухацца да людзей і разам удасканаліць нашую моўную версію.

Якія праблемы, напрыклад, са словам “отправить”? Мы выбіралі паміж “даслаць” і “адправіць”. Па сутнасці, розніца ў сэнсе мізэрная. Але выбралі “даслаць” зыходзячы з таго, што ў большасці выпадкаў карыстальнік ажыццяўляе адпраўку менавіта лістоў. А ў літаратурнай мове павялося так, што лісты дасылаюць. І такіх прыкладаў процьма.

А ці засталося слова, якое так да канца і не атрымалася перамагчы?

— Самым нявырашаным нават на сённяшні час для нас з’яўляецца слова “приложение”. Былі прапановы “прыкладанне”, “праграма”, “аплікацыя” (новатвор). Пакуль спыніліся, як ні парадаксальна, на “дадатку”, як “дадатак” у падручніках. То бок гэта тое, што ідзе як “прыдатак” да асноўнага. А паколькі асноўная функцыя сацсеткі — камунікацыя паміж людзьмі, то розныя там гульні ды забаўкі з’яўляюцца ўсяго толькі дадаткамі. Можа, з пункту гледжання праграмавання мы сур’ёзна памыляемся, але мы пакідаем гэта на суд карыстальнікаў — няхай самі вырашаць, што ім даспадобы. Прычым хачу звярнуць увагу на “прыкладанні”. Гэты эквівалент (на нашую думку, не зусім удалы) паўсюдна выкарыстоўваецца ў АС ад Windows. Таму многія пазнаюць “приложения” толькі як “прыкладанні”.

Раскажыце трошкі пра саміх перакладчыкаў, чым вы займаецеся ў астатні час?

— Большасць перакладчыкаў — студэнты, некаторыя за гэты доўгі час пачалі працаваць. Сярод нас медыкі, праграмісты, філолагі, музыкі, танцоры. Мы розныя настолькі, што пра гэта можна напісаць асобны артыкул, але ці варта? Галоўнае тое, што нас яднае. Павага да мовы, любоў да Радзімы.

Ці збіраецеся вы працаваць над перакладамі надалей?

— Здаецца, многія былі б не супраць, тым больш ёсць такі цудоўны досвед супольнай працы і спрацаваная каманда. Але на маю думку, усё ўпіраецца на тое, што мы толькі аматары, і наўрад ці нас запросяць перакладаць нейкі камерцыйны праект. Шчыра кажучы, мы былі б радыя любым прапановам, якія б дазволілі вывесці беларускую мову на наступны медыйны ўзровень. Засталіся яшчэ такія-сякія нерэалізаваныя задумы, таму ў хуткім часе, калі ўсё будзе паводле плану, мы парадуем неабыякавых беларусаў яшчэ адным невялічкім прадуктам.