Раней суд Центральнага раёна Мінска не задаволіў скаргу на бяздзеянне Генпракуратуры ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў месцы масавых расстрэлаў у Курапатах. На тэрыторыі ахоўных зон мемарыяла, нагадаем, пабудаваныя чатыры домікі забаўляльнага комплексу. Па прадстаўленню Генпракуратуры гэтыя дамкі мусяць быць вынесеныя з ахоўных зон. Але яны дасуль застаюцца там.
Прадстаўнік Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, які прысутнічаў на працэсе ў Мінскім гарадскім судзе, лічыць такое рашэнне неабгрутнаваным.
Гары Паганяйла: “Прызнана, што наша скарга ў суд з’яўляецца беспадстаўнай. Нібыта мы неабгрунтавана спасылаліся на тое, што можна абскардзіць бяздзеянне пракурора па яго ж прадстаўленні”.
Сёлета ў лютым прадстаўнікі грамадскасці накіравалі ў Генпракуратуру ліст. Яны настойвалі, што недапушчальна праводзіць любыя праектна-даследчыя работы на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапат. Гэта можа прывесці да знішчэння аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іншага яны прасілі праверыць, як выкананае рашэнне нарады з удзелам прадстаўнікоў Генпракуратуры пра вынас чатырох дамкоў забаўляльнага комплексу з ахоўнай зоны.