Мастацкі музей Літвы па заказе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" адрэстаўраваў самы рарытэтны і дарагі габелен Беларусі "Трыумф Цэзара", паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Літве.
"Работы вяліся з кастрычніка 2013 года. Узрост габелена - больш за 400 гадоў. Састаў: шэрсць і шоўк", - расказалі ў пасольстве. Габелен быў сплецены брусельскімі майстрамі ў эпоху Рэнесансу. Ён створаны па работах італьянскага мастака XV стагоддзя Андрэа Мантэньі. Габелен раней ужо рэстаўраваўся. Цяпер пасля свайго чарговага "адраджэння" рэліквія зойме дастойнае месца ў Тэатральнай зале Нясвіжскага замка.