Гульня, рапрацаваная арт-студыяй «PRAS» да 500-годдзя бітвы пад Воршай, напачатку верасня пачне рэалізоўвацца ў крамах Беларусі.
Як вядома, 8 верасня 1514 года адбылася адна з найбольш важных вайсковых перамогаў беларускага войска: літвіны разграмілі воскі маскоўцаў на рэчцы Крапіўна, што пад Воршай. У гэтым годзе славутай перамозе нашых продкаў спаўняецца 500 год.
Арт-студыяй «PRAS» з гэтай нагоды распрацавала настольную гульню, якая так і называецца «1514», без намёкаў і накідаў — проста адзначыць знакавую для ўсіх сучасных беларусаў падзею. Бо, як кажуць, хто не ведае сваёй гісторыі — у таго няма будучыні!
Гульня складаецца з гульнявога поля памерам А2 (420×594 мм), шасці фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі, 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубіка для вызначэння руху ды, адпаведна, прывілаў гульні.
Кожны элемент дызайну зроблены паводле гістарычных дакументаў: на гульнявым полі змешчаны старажытны аршанскі замак, тагачасныя селішчы, млыны і вайсковыя лагеры, а ў вокладцы і картках — чарцяжы вайсковага ўзбраення сярэднявечча.
Продаж гульні пачнецца напачатку верасня, а прэзентацыя пройдзе 8 верасня 2014 года ў кнігарні «логвінаЎ», дзе таксама і надалей настолку можна будзе набыць.
На дадзены момант, вы можаце рабіць перадзамовы на інтэрнэт-пляцоўцы symbal.by, каб набыць гульню са зніжкай ці атрымаць поштаю ў любую кропку Беларусі, дакладная інфармацыя пра настолку неўзабаве будзе даступная на адмысловым сайце гульні «1514».
Механіка і правілы гульні «1514»
Гульцы дзеляцца па камандах у цотнай колькасці (могуць гуляць 2, 4 або 6 гульцоў) і вызначаюць, хто будзе літвінам, а хто маскоўцам. Далей гульцы атрымліваюць кожны па адной з 3-х фігур: пяхота, артылерыя, кавалерыя — ды кідаюць па чарзе кубік з лічбамі працягласці хода. Калі фігурка спынілася на чырвоным крузе, гулец атрымлівае чырвоную картку (калі на чорным — чорную) і выконвае адпаведную задачу, пазначаную ў картцы.
У выпадку, калі фігурка спынілася на крузе, дзе ўжо стаіць фігурка суперніка, адбываецца «бой» і фігурка суперніка, як абаронца, адыходзіць на адзін крок назад (бліжэй да свайго лагеру).
Настолка прызначаная для людзей ад 6 гадоў, сярэдні час гульні ~45 хвілін, колькасць гульцоў — 2, 4 альбо 6.
Задачы, якія прапануецца выканаць, маюць гістарычны падтэкст: што «вязухі», што «невязухі» — змяшчаюць у сабе інфармацыю, якая грунтуецца на рэальных забабонах, падзеях і асаблівасцях вайсковай справы сярэднявечча Усходняй Еўропы, але ўсё без указання асобаў і месцаў з мэтай зрабіць гульню больш універсальнай.