“Удзячнасць ад БІНіМу” была абвешчаная мовазнаўцу Змітру Саўку. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 2 жніўня падчас прэзентацыі кнігі Васіля Стомы “Маё мястэчка” ў вёсцы Лужкі Шаркаўшчынскага раёну Віцебскай вобласці.
Створаны на пачатку 1950-х гадоў у Нью-Ёрку Беларускі інстытут навукі і мастацтва ад пачатку быў установай, што аб’ядноўвала беларускіх інтэлектуалаў на Захадзе. Пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, музыкі, што апынуліся на эміграцыі, мелі магчымасць удзельнічаць у імпрэзах, выставах, канферэнцыях, ладжаных Інстытутам, друкавацца ў ягоных перыёдыках. Сёння БІНіМ актыўна займаецца папулярызацыяй ведаў пра беларускую эміграцыю і падтрымоўвае даследчыкаў і навукоўцаў, што дапамагаюць Інстытуту ў гэтай справе.
Так, у 2013 г. Удзячнасць ад БІНіМу атрымаў гісторык Алесь Пашкевіч, а сёлета ўжо традыцыйная талерка з эмблемай Інстытуту ды невялікае грашовае ўзнагароджанне было ўручанае прадстраўніцай БІНіМу, гісторыкам Наталляй Гардзіенкай мовазнаўцу Змітру Саўку. Даследчык цягам апошніх трох гадоў рыхтаваў да выдання ўспаміны эміграцыйных дзеячаў: Васіля Стомы “Маё мястэчка” ды Яўхіма Кіпеля “Эпізоды”, што пабачылі свет у серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” выдавецтва “Лімарыус”. Ён жа падрыхтаваў для публікацыі недрукаваныя раней успаміны Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага), што таксама чакаюць выдання.