У Вушачах будзе вуліца і школа імя Барадуліна

Імя Рыгора Барадуліна будзе насіць вуліца, дзе стаіць дом паэта, у які ён прыязджаў з Мінска, а таксама школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. У Вушацкім музеі пашыраць частку экспазіцыі пра Рыгора Барадуліна.

З ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Рада Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадскіх аб’яднанняў. На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкаму з'явіўся адказ ініцыятарам.

Віцебскі аблвыканкам паведамляе, што разгледзеў адпаведныя звароты, накіраваныя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, і «ў межах кампетэнцыі паведамляе»: «Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыццяўляецца работа па перайменаванні вуліцы Школьная ў гарадскім пасёлку Вушачы ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна». І што ўжо «накіраваны ліст у Тапанімічную камісію пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь аб магчымасці ўжывання транслітэрацыі пры перакладзе планаванай назвы на рускую мову».

Апрача таго, у Вушацкай школе праведзены сход працоўнага калектыву, які ўхваліў прысваенне гэтай ўстанове імя Рыгора Барадуліна. А ў Вушацкім музеі народнай славы «плануецца значна пашырыць гісторыка-біяграфічную частку экспазіцыі, прысвечаную Рыгору Барадуліну».

Паведамленне на афіцыйным сайце аблвыканкаму, дзе апавядаецца пра ўшанаванне памяці літаратара, напісана па-беларуску, але з артаграфічнымі памылкамі. Тым не менш, яно вельмі ўсцешыла прыхільнікаў паэзіі Рыгора Барадуліна і ягоных ідэйных аднадумцаў.

Вуліца Школьная, якую мяркуюць перайменаваць, якраз вядзе да школы, што будзе насіць імя славутага паэта. На гэтай вуліцы стаіць і хата дзядзькі Рыгора — цагляны дамок, які быў для сям’і Барадуліных не проста лецішчам, а прытулкам душы паэта, які вельмі любіў Вушачы — сваю малую радзіму.

З'яўленне вуліцы імя Рыгора Барадуліна ў Вушачах, а таксама наданне ягонага імя мясцовай школе — гэта толькі частка плану, прапанаванага ўладам дзеля ўшанавання памяці паэта. На ўзроўні прапановаў пакуль засталіся і прысваенне імя Рыгора Барадуліна адной з вуліц у Мінску, і ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на доме, дзе ў Мінску жыў Рыгор Барадулін, і адкрыццё літаратурнага музею або філіі музею Рыгора Барадуліна.

На пачатку ліпеня Віцебская абласная рада ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» звярнулася да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць яшчэ аднаго выбітнага літаратара, які паходзіць з Віцебшчыны — Генадзя Бураўкіна, які пайшоў з жыцця 30 траўня гэтага года. Адказу на ліст з прапановамі выдаць у дзяржаўным выдавецтве да 80-годдзя паэта выбраныя яго творы, усталяваць у Мінску на доме, дзе ён жыў, мемарыяльную дошку; назваць у гонар Генадзя Бураўкіна вуліцы ў Мінску, Полацку, Расонах, прысвоіць імя Бураўкіна адной з бібліятэк на Віцебшчыне аўтары пакуль не атрымалі.