19 чэрвеня, у дзень 90-годдзя Васіля Быкава, у Ждановічах адкрыўся першы музей пісьменніка: лецішча, на якім Быкаву, што праўда, не пісалася, але там пісьменнік часцяком адпачываў.
Пра тое, што Беларусі даўно патрэбны музей Быкава, гаворка ішла не адзін год і не толькі ў межах нашай краіны: расійскія пісьменнікі, да прыкладу, заўжды вельмі здзіўляліся, што такога музея дагэтуль няма. Пасля таго як жонка Быкава Ірына перадала дзяржаве былое лецішча пісьменніка, гаворка пра першы (і ёсць спадзяванні, што не апошні) музей выйшла на наступны ўзровень.
Што ўяўляе з сябе дача-музей? Гэта сапраўднае лецішча, двухпавярховы цагляны дом з гаражом і мансардай, які стаіць сярод іншых дачных паселішчаў – “суседзі” Быкава зацікаўлена назіралі за адкрыццём музея, пра які, склалася ўражанне, і не ведалі.
Ждановічы-6 маюць як музейнае месца адзін мінус, але гэты мінус – ключавы: дабрацца туды не на машыне надзвычай складана. Шчыра кажучы, і на машыне давядзецца быкаўскае лецішча пашукаць.
Што ўнутры? Густоўна аформлены дом, які мае атмасферу – вось тут стары тэлевізар, тут – кніжныя паліцы, на мансардзе вісяць калекцыйныя сцяжкі “пароды сабак”, вось друкарская машынка з упраўленым у яе лістом паперы, вось радыёла “Мелодыя”: карацей дачу пісьменніка прыблізна так і ўяўляеш. На ўсіх сценах – малюнкі Быкава, у мансардзе раскладзеныя алейныя фарбы. На заднім дворыку – бярозы і некалькі шэзлонгаў (“Не сядайце, гэта музейны экспанат”). Музейных экспанатаў у дзень адкрыцця дадалося – Мікалай Чаргінец перадаў музею лісты, якія атрымліваў ад Быкава ў Афганістан, а беларусы Пецярбурга – партрэт пісьменніка.
Адкрываў музей міністр культуры Барыс Святлоў, які доўга і па-філасофску разважаў пра тое, што Быкаў як мастак карыстаўся дзвюма фарбамі – чорнай і белай, а ягоныя персанажы як анёлы і дэманы.
“Адна з галоўных каштоўнасцяў для Васіля Уладзіміравіча – цішыня, у якой бы ён мог працаваць, і якую ён знайшоў тут, на гэтым лецішчы”, – кажа спадар міністр.
Аднак літаратуразнаўца Міхась Тычына пярэчыць: шум дачнага кааператыва перашкаджаў пісьменніку, аднак тут Быкаў мог проста адпачыць і гэтай магчымасцю карыстаўся.
“Васіль Быкаў лічыў сябе мастаком, – кажа спадар Тычына. – І ён у сваіх кнігах, як кожны сапраўдны мастак, ствараў рэальнасць якую мог стварыць толькі ён. Я прыгадваю гісторыю, якую расказваў Алесь Адамовіч: Быкаў быў вялікім аматарам аўтамабіляў, і аднойчы яны з Адамовічам паехалі ў Маскву, амаль увесь час за стырном быў Быкаў. У пэўны момант пісьменнікі заўважылі, што кіроўцы, якія едуць насустрач, круцяць пальцам ля скроні. Выявілася, што Быкаў ехаў насуперак руху. Мне падаецца, што і як пісьменніка Быкава вылучае гэты рух насуперак”.
Юрась Ускоў, фота – Зарына Кандрацьева