Нацыянальная бібліятэка Беларусі і ААТ «Банк БелВЭБ» прэзентавалі 18 чэрвеня першыя 5 кніг з факсімільнага выдання поўнага збору твораў Францыска Скарыны. Прысутным прадстаўнікам амбасадаў Украіны, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Італіі і Расіі арганізатары імпрэзы ўручылі кнігі «Быццё», «Зыход», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон». Наклад кожнай кнігі складае 1 тыс. асобнікаў, 100 з якіх выпушчаныя ў скураной вокладцы. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што цяпер у свеце не існуе кніг Скарыны, якія захаваліся цалкам: «З існуючых некалькіх асобнікаў выдання мы збіраем ідэальны том. Акрамя таго, упершыню на сучасную беларускую мову перакладзены тэксты Скарыны — прадмовы да ўсяго выдання і кожнай кнігі». Поўны збор з 25 тамоў, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе (1517-1519 гады) і Вільні (1522-1525 гады), будзе сабраны ў 20-томным факсімільным выданні. У яго аснову пакладзеныя электронныя копіі найлепшых кніг беларускага першадрукара, якія захаваліся ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Гэты выдавецкі праект разлічаны на 2013-2017 гады і прымеркаваны да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання, перадае БелТА.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане