Заўтра, 19 чэрвеня, у 90‑ы дзень нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, свае дзверы для наведвальнікаў расчыніць філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — «Музей-дача Васіля Быкава». Ён размяшчаецца ў пасёлку Ждановічы‑6 па адрасе: вуліца Вінаградная, 62.
Двухпавярховы дом агульнай плошчай 104 кв. м пісьменнік пабудаваў у 1984 годзе. Менавіта тут ён мог адпачываць ад гарадской мітусні, прымаць блізкіх сяброў, маляваць, займацца аўтамабілем у гаражы. Два гады таму ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна перадала дачу ва ўласнасць дзяржавы. Было прынята рашэнне адкрыць тут музей.
— Гэты музей, як кажуць спецыялісты, максімальна мемарыяльны, — распавядае дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч. — Мы захавалі ўсе прадметы, што былі ў доме пры жыцці Васіля Уладзіміравіча: ад мэблі да сувеніраў, мастацкіх работ, нават прадметаў побыту. Такое рашэнне падказалі нам музейшчыкі з Латвіі. Падчас адной з сустрэч яны распавядалі пра свае мемарыяльныя музеі і радаваліся, што іх папярэднікі пакінулі прастору максімальна нязменнай. Мы ж стараемся не дзеля ўдзячнасці з боку будучых калег, але для захавання памяці пра Васіля Быкава. А паколькі мы назвалі гэты дом «музеем-дачай», то дадалі ў экспазіцыю яшчэ некаторыя матэрыялы. Яны паказваюць Васіля Быкава як чалавека, які вельмі любіў маляваць, а замест дзённікавых запісаў рабіў дзённікі-малюнкі.
Быкаўскія карцінкі, накіды, зробленыя алоўкам у шматлікіх блакнотах, толькі крыху павялічаныя, аж да кастрычніка будуць экспанавацца ў музеі-дачы. Тут прадстаўлена тэматычная падборка работ, прысвечаных гэтаму асабліваму дому ў Ждановічах. У экспазіцыі змешчаны і многія малюнкі, звязаныя з аўтамабілем, а таксама работы, выкананыя алеем.
У музейную прастору ператварыўся і гараж пісьменніка. Цяпер тут можна пабачыць своеасаблівую карту дарог, дзе пазначаны асноўныя кропкі, дзе бываў Васіль Уладзіміравіч: яго родныя Бычкі, Гродна, Мінск, востраў Сахалін, дзе служыў пісьменнік, ЗША, куды ён прыязджаў падчас камандзіровак, Фінляндыя.
Сёлета «Музей-дача Васіля Быкава» будзе працаваць толькі да кастрычніка. Але наступнай вясной, калі пачнецца новы дачны сезон, дом Васіля Уладзіміравіча зноў запросіць у госці. Паводле задумкі, наведвальнікі пабачаць ужо крыху змененую экспазіцыю, што прыадкрые іншыя старонкі біяграфіі і творчасці Васіля Быкава.