Канстытуцыйны суд мае спыніць дыскрымінацыю беларускамоўных

Рабочая група Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі падтрымала ініцыятыву юрыста Гары Паганяйлы звяртацца ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусі наконт хібаў у моўным заканадаўстве, што дазваляюць дыскрымінаваць беларускую мову.



Змены ў заканадаўстве аб Канстытуцыйным судзе цяпер даюць магчымасць звяртацца ў яго і грамадскім арганізацыям, і грамадзянам з мэтай паказаць і ўхіліць супярэчнасці у наяўным заканадаўстве.

 Як гэта зрабіць? Сябра Рабочай групы Асамблеі НДА Вінцук Вячорка апавёў Свабодзе: «Кожны з нас, беларускамоўных, сутыкаўся з стандартнай сітуацыяй: нашым дзецям не даюць вучыцца па-беларуску побач з домам; натарыюс адмаўляецца па-беларуску засведчыць дакумент; у банку патрабуюць пісаць па-руску прозвішча і г. д. Аргументацыя ў чыноўнікаў, што дыскрымінуюць беларускую: «У нас дзве дзяржаўныя мовы». Але ж апошняе павінна азначаць, што акурат грамадзяне выбіраюць мову, а чыноўнік (дзяржава) забяспечвае ім права выбару. Аднак марна шукаць у заканадаўстве адпаведныя тлумачэнні і гарантыі.

Як зазначае ВячоркаГары Паганяйла з Хельсінскага камітэту звярнуў увагу, што ад нядаўна не толькі дзяржаўныя органы, але грамадзяне і грамадскія арганізацыі могуць звяртацца ў Канстытуцыйны суд, калі ў законах ёсць прабелы, калізіі ды няпэўнасць. І сам праявіў ініцыятыву, напісаўшы зварот у Канстытуцыйны суд пра нявызначанасць рэальнага статусу беларускай мовы, і заклікаў іншых зрабіць тое самае.

Паводле Вячоркі, Асамблея няўрадавых арганізацыяў падтрымала справу, бо знявага беларускае мовы баліць шмат каму з актыўных людзей: «Калі ў Канстытуцыйны суд паступяць дзясяткі, а лепш сотні зваротаў з канкрэтнымі прыкладамі парушэння моўных правоў грамадзянаў, уладзе не будзе як рабіць выгляд, што „беларускую мову ніхто не ўшчамляе“, а Канстытуцыйны суд змушаны будзе рэагаваць. Трэба выкарыстоўваць усе спосабы дамагання нашых беларускіх правоў».

Звароты могуць быць як пісьмовыя, так і электронныя. Арганізатары прапануюць дасылаць копіі зваротаў у СМІ, а таксама ў Выканаўчае бюро Асамблеі НДА для прыцягнення шырокай грамадскай увагі.   

Асамблея НДА — гэта найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў, якое спрыяе развіццю дэмакратычнай праўнай дзяржавы й уплывае на змены ў грамадстве. Заснаваная ў 1997 годзе, асацыяцыя на сённяшні момант налічвае болей за 300 сябраў. Асамблея працуе таксама з НДА, якія не ўваходзяць у яе склад, але прыярытэтная ўвага аддаецца сваім сябрам — як зарэгістраваным арганізацыям, так і незарэгістраваным ініцыятывам. Асамблея спрабавала тройчы атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі, аднак, з розных прычынаў, Міністэрства юстыцыі адмаўляла у рэгістрацыі. У склад Асамблеі ўваходзяць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя ініцыятывы. У ліпені 2011 году Асамблея НДА была зарэгістраваная ў Літве.