У гэты дзень на малой радзіме Васіля Быкава — у вёсцы Бычкі Ушацкага раёну — пройдуць святкаванні з нагоды 90-гадовага юбілею славутага беларускага пісьменніка.
Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня Віцебскай абласной рады ГА ТБМ Ёсіф Навумчык: «Васіль Уладзіміравіч нарадзіўся 19 чэрвеня, і зазвычай святкаванні ў Бычках праходзілі ў дзень ягоных народзінаў. Але сёлета вырашылі адзначыць 90-гадовы юбілей шырэй — і, каб усе ахвотныя змаглі трапіць на святкаванні, іх вырашылі правесці ў выходны дзень, у суботу 21 чэрвеня». Паводле спадара Навумчыка, урачыстая імпрэза ў Бычках распачнецца а 14-й гадзіне. Плануецца не толькі традыцыйнае ўручэнне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, заснаванай лідарам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам, але і адкрыццё выставы беларускіх мастакоў, удзельнікаў «быкаўскага» пленэру, што напярэдадні пройдзе на Ушаччыне. Падчас імпрэзы ў гонар 90-годдзя Васіля Быкава перад аднавяскоўцамі пісменьніка і гасцямі выступяць літаратары Барыс Сачанка, Уладзімтр Някляеў, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Арлоў Уладзімір Папковіч ды іншыя. Будзе выканана і воля паэта Генадзя Бураўкіна, які адышоў у лепшы свет 30 траўня гэтага года: у Бычках прагучыць ягоны верш, прысвечаны Васілю Быкаву. Віцебскія сябры ГА ТБМ збіраюцца 21 чэрвеня, перад ад’ездам у Бычкі, ускласці кветкі да мемарыяльнай шыльды на будынку мастацкай вучэльні, дзе некалі вучыўся Васіль Быкаў. Таксама плануецца адведаць і магілу Рыгора Барадуліна, пахаванага ў Вушачах, — земляка і аднаго з найбліжэйшых сяброў Васіля Быкава.