Генадзь Бураўкін
Пра Генадзя Бураўкіна напісана даволі шмат тымі людзьмі, якія яго блізка ведалі. Я не належу да іх кола, аднак, я меў шчасьце асабіста ведаць гэтага чалавека. Мы пазнаёміліся з ім у красавіку 2013 года ў Вільні на Канферэнцыі беларусаў Балтыі і замежжа, якая супала з юбілеем старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі. Пасля гэтага я двойчы быў у Бураўкіна дома ў яго мінскай кватэры, каб запісаць з ім разгорнутыя інтэрв'ю. Гэтыя размовы цягнуліся па некалькі гадзінаў і ахоплівалі розныя пытанні, але, не зважаючы на тэму размовы, перада мной быў Чалавек і Грамадзянін, у якім было столькі мудрасці і годнасці. Яго хацелася слухаць і распытваць яшчэ і яшчэ.
Аднак для мяне асабіста Генадзь Бураўкін – гэта не толькі цудоўны паэт, гэта – той чалавек, які сваімі словамі дапамагаў насамрэч зразумець Беларусь і адначасна ламаў клішэ і стэрэатыпы аб нашай краіне, аб падставах нашай незалежнасці і падмурках нашай ідэнтычнасці. Калі пачытаць даволі значную колькасць замежных (а зрэшты і пэўных айчынных) навукоўцаў і аналітыкаў, што займаюцца беларускай тэматыкай, то можна пабачыць, што тых стэрэатыпаў існуе процьма. Маўляў, беларусы дэнацыяналізаваныя, спрэс зрусіфікаваныя з нявызначанай уласнай тоеснасцю, іх краіна нібыта “выпадкова” атрымала незалежнасць, а сітуацыя ў Беларусі напярэдадні абвяшчэння незалежнасці была нібыта не вынікам сканцэнтраваных намаганняў Масквы ў выкараненні нацыянальнага беларускага элементу, але гатовасці беларускіх элітаў прыняць ролю выпрабавальнага палігону для русіфікацыі пад прыкрыццём савецкага інтэрнацыяналізму.
Бураўкін распавядаў пра беларускія палітычныя і творчыя эліты як чалавек, які цудоўна ведаў гэтую сістэму знутры. І свае расповеды ён падмацоўваў яскравымі прыкладамі пра дзейнасць канкрэтных асобаў, пачынаючы ад найвышэйшага кіраўніцтва тагачаснай Беларускай ССР – К. Мазурава, П. Машэрава ці Ц. Кісялёва. У ягоных расповедах адлюстроўвалася ўся тагачасная рэчаіснасць. Яна была ані белай, ані чорнай, але шматкаляровай і шматузроўневай. Сваімі расповедамі Бураўкін нібы маляваў партрэты людзей, што былі адказныя за важныя рашэнні, а таксама паказваў як правілы гульні, так і межы дазволенага для беларускіх элітаў. Кожны прыклад толькі падмацоўваў гэтыя вобразы і даваў разуменне ўсёй шматбаковасці працэсаў, якія абываліся ў Савецкай Беларусі. Бураўкін мог даступна патлумачыць увесь механізм таго ці іншага працэсу, пачынаючы ад ягоных прычынаў і сканчваючы наступствамі. І таму расповеды Бураўкіна пра палітычныя і грамадскія працэсы ў позняй БССР проста знішчалі шматлікія лінейныя стэрэатыпы і клішэ з працаў пра Беларусь, напісаных тымі аналітыкамі і навукоўцамі.
Генадзь Бураўкін пакінуў пасля сябе даволі шмат успамінаў, якія тычацца перыяду знаходжання Беларусі ў складзе СССР, атрымання краінай незалежнасці і першых крокаў беларускай незалежнай дыпламатыі. Ягоны палітычны талент, як падкрэсліла Алена Макоўская “паспрыяў стварэнню даверу, таму, што беларусы замежжа адкрылі для сябе і другую, несавецкую, нацыянальную, беларускую Беларусь”, што сам Бураўкін лічыў адным з найлепшых сваіх дыпламатычных дасягненняў. Пры гэтым, як дакладна адзначыў Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін быў чалавекам не толькі з паэтычным, але і з палітычным мысленнем, які балюча перажываў сваю незапатрабаванасць як дзяржаўнага дзеяча, бо ён насамрэч мог шмат зрабіць для Беларусі на любой, самай адказнай пасадзе.
Тая мудрасць і дакладнасць у ацэнцы Бураўкіным падзеяў беларускай гісторыі, сучаснікам і сустваральнікам якіх ён быў, вымагае больш уважлівага стаўлення да ягонага творчага даробку з боку ўсіх тых, хто сапраўды хоча зразумець Беларусь такой, якой яна ёсць насамрэч.
Кірыл Касьцян
Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 26, No.