Беларусь развіталася з Генадзем Бураўкіным

31 траўня ў мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы развіталіся з выбітным паэтам, грамадскім і культурным дзеячам Генадзем Бураўкіным, які пайшоў з жыцця ўранку 30 мая пасля цяжкай хваробы. Тысячы чалавек – сярод іх і старэйшыя, і маладзейшыя пакаленні, і нават бацькі з маленькімі дзецьмі -- прыйшлі, каб ушанаваць памяць Генадзя Мікалаевіча. Без перабольшання, уся Беларусь смуткуе, не могучы змірыцца з непапраўнай стратай.

Рыгор Барадулін, Уладзімір Дамашэвіч, Анатоль Кудравец, Давід Сімановіч, Уладзімір Чапега... Цяпер Генадзь Бураўкін... Гэты год стаў надзвычай цяжкім не толькі для беларускай літаратуры, але для ўсяго нашага народа.

Паэт, журналіст, перакладчык, дыпламат, грамадскі дзеяч, аўтар “Малітвы”, якая стала неад’емным нашым культурным набыткам, і “Калыханкі”, пад пяшчотнае гучанне якой выхавалася і ўзмужнела не адно пакаленне маленькіх беларусаў... Многае ёсць што сказаць пра Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна і ёсць што ўспомніць пра яго.

Менавіта таму складана пералічыць імёны ўсіх тых вядомых асобаў, прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі – пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў, палітыкаў, -- хто прыйшлі развітацца са спадаром Генадзем.

Увесь Мінск, уся Беларусь выказала жаль.

Ушанавалі памяць паэта і розныя аб’яднанні і грамадскія арганізацыі: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы, Рада беларускай інтэлігенцыі, Беларускі ПЭН-Цэнтр, а таксама палітычныя партыі, культурніцкія суполкі, творчыя і грамадзянскія ініцыятывы. Выказалі смутак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і іншыя афіцыйныя структуры.

-- Шаноўныя сябры, браты і сёстры! Беларусь панесла непапраўную страту. Адышоў у вечнасць творца, які з’яўляецца гонарам і годнасцю нашай краіны, -- адзначыў Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. – Такія раны доўга не зажываюць, такія страты не забываюцца... Генадзь Мікалаевіч усё сваё жыццё прысвяціў служэнню Беларусі, прайшоўшы шлях ад простага вясковага хлопца, журналіста-пачаткоўца, да галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”, да кіраўніка на беларускім тэлебачанні, да дэпутата Вярхоўнага Савета, да пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН. Але галоўнае – Генадзь Мікалаевіч быў Паэтам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, шматлікіх іншых узнагарод. Аўтарам дзясяткаў найталенавіцейшых зборнікаў, якія сталі нашай нацыянальнай каштоўнасцю, класікай беларускай літаратуры.

Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Вера Буланда, Наталля Давыдзенка, Людміла Сачанка, Ніна Шыдлоўская, Алена Макоўская.

Развітальнымі словамі правялі ў апошні шлях Генадзя Бураўкіна яго сябры, калегі, паплечнікі:Уладзімір Арлоў; Часовы Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Ітан ГолдрычСяргей ЗаконнікаўУладзімір КоласІосіф НавумчыкУладзімір НякляеўРыгор СітніцаАлег ТрусаўЭдуард Ханок...

-- Са студэнцкіх гадоў мы былі знаёмыя з Генадзем Бураўкіным. І ён заўсёды служыў Беларусі, якой бы складанай ні была грамадска-палітычная сітуацыя. Генадзь быў настолькі мудры і так любіў сваю зямлю і свой народ, што нават у найцяжэйшых умовах адстойваў яе правы і правы яе людзей на лепшае жыццё. Няхай гэтае святое служэнне стане ўзорам для маладых... – сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Спачуванні родным і блізкім Генадзя Мікалаевіча ў жалобных тэлеграмах выказалі Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Францыі, Іспаніі і Партугаліі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка; пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Ежэль, таксама ўкраінскія сябры, паэты, пісьменнікі Барыс Алейнік, Іван Драч, Дзмітро Паўлычка; віцебскае, гомельскае, гродзенскае, магілёўскае абласныя аддзяленні Саюза беларускіх пісьменнікаў і многія іншыя.

Пахавалі Генадзя Бураўкіна на Усходніх могілках у Мінску.   

Прэсавая служба СБП